Памочніка Канапацкай абвінавацілі ў махлярстве. «Гэта правакацыя»


У сеціве з’явілася інфармацыя, што Дзяніс Ціханенка – памочнік дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай – сабраў у інтэрнэце грошы з моладзі, абуранай законам аб адтэрміноўках ад войску, але нібыта выкарыстоўваў іх ва ўласных мэтах. Сам Ціханенка зняпраўджвае абвінавачванні ў махлярстве, называе гэта паклёпам і правакацыяй.

Тэлеграм-чат ProtestBY быў створаны Дзянісам Ціханенкам і аб’ядноўвае моладзь, незадаволеную скарачэннем адтэрміновак ад войску. У канале ў тым ліку адбываўся збор сродкаў на правядзенне вулічных акцыяў, бо, паводле новага заканадаўства арганізатары мітынгаў і пікетаў цяпер мусяць аплочваць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў. Шэраг пікетаў у жніўні і верасні сапраўды былі праведзеныя (кошт аднаго пікета – прыблізна 100 рублёў).

У апошнія дні ў чаце стала з’яўляцца крытыка на адрас памочніка дэпутата: яго вінавацілі ў тым, што ён выкарыстоўвае грошы ва ўласных мэтах, а пратэст «злівае». Потым некаторыя карыстальнікі сталі абурацца, што іх адпраўляюць у бан за крытычныя выказванні і ў хуткім часе стварылі паралельны канал @pozvachat.

Шэраг медыя падхапілі абвінавачванні ў адрас памочніка Канапацкай. Гэтак, «Наша Ніва» выйшла з загалоўкам: «Памочнік Канапацкай кінуў моладзь, абураную законам аб прызыве. Невядома, дзе сабраныя грамадой грошы».

Сама Канапацкая ў тэлеграме адзначыла, што дзейнасць Ціханенкі, звязаная з пратэстамі супраць закону ад адтэрміноўках, гэтая ягоная асабістая справа і з яе парламенцкай працай не звязаная.

Дзяніс Ціханенка ў інтэрв’ю belsat.eu зняпраўдзіў абвінавачванні на свой адрас.

«Тое, што адбылося ўчора, – гэта адназначна правакацыя. Правакацыя ў першую чаргу накіраваная на Ганну Канапацкую і звязаная з пачаткам выбарнай кампаніі», – падкрэсліў Дзяніс Ціханенка.

Дзяніс Ціханенка

Ён нагадаў, што як раз учора, калі яго актыўна пачалі абвінавачваць у махлярстве, Ганна Канапацкая зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

«Ніякага махлярства не было. Грошы, якія збіраліся і працягваюць збірацца, збіраліся для двух асноўных мэтаў: рэклама руху ў сацыяльных сетках і збор грошаў на аплату адзіночных пікетаў, што праводзіліся ў другой палове жніўня і ў верасні. Як вы ведаеце, пікеты платныя», – нагадаў памочнік дэпутаткі.

Ціханенка адзначыў, што агулам было сабрана прыблізна 1500 рублёў. Каля тысячы было выдаткавана на пікеты і рэкламу, яшчэ каля 500 засталося. Фінансавую справаздачу з усімі дакументамі і квітанцыямі ён паабяцаў выкласці цягам дня ў сеціва.

«Нічога страшнага не здарылася. Усе грошы пад кантролем, ніхто іх не збіраецца красці», – дадаў ён.

«Пароль перахапілі правакатары»

Ціханенка патлумачыў, з чаго ўсё пачалося. Стваральнікам чату быў ён, але ў апошні час даў доступ да адміністравання шэрагу актывістаў, бо ў самога не хапала часу гэтым займацца. «У аднаго з тых, каму я перадаў доступ, перахапілі пароль правакатары. Зайшлі пад ягоным лагінам у чат і зрабілі тое, што яны зрабілі», – дадаў Ціханенка. Менавіта гэтыя правакатары, як сцвярджае памочнік дэпутаткі, і распачалі скандал, апублікаваўшы шэраг фэйкавых паведамленняў.

Скрыншот з абмеркаванняў у суполке руху ў VK

Нагадаем, 24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання вайсковай арганізацыі дзяржавы». Змены ў заканадаўства прадугледжваюць скарачэнне падставаў для надання адтэрміновак ад прызыву. Напрыклад, уведзены прынцып аднаразовасці адтэрміноўкі падчас атрымання адукацыі.

Новы закон выклікаў абурэнне сярод моладзі. У сацыяльных сетках (пераважна ў тэлеграме) былі створаныя шэраг суполак і каналаў, які аб’ядноўвае праціўнікаў новага закону. Рух атрымаў агульную назву #учёбаважнее. Іх удзельнікі выступаюць за тое, каб прадстаўлялася адтэрміноўка на кожную ступень адукацыі. Такім чынам яны хочуць захаваць бесперапыннасць адукацыі.

У тэматычных суполках падкрэсліваюць, што рух не мае лідара або стваральніка.

Hавiны
Прызыў у беларускую армію павялічаць на 3000 чалавек
2019.08.23 15:58

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў