Паміж Варшавай ды Ерэванам – «полька беларуская»?

Маўчанне нашых урадавых «ягнятаў» з нагоды планаванага рэферэндуму ўсё больш зацягваецца. Уласна кажучы, ужо можна было б і агучыць, што менавіта прапануюць вынесці на разгляд, так бы мовіць, народа – якія такія дэмакратычныя нормы. Але ўлада памоўчвае.

І пры гэтым «маўчанне ягнятаў» усё больш падобна да «маўчання барана», упэўненага ў тым, што ўсе навакол – сляпыя, глухія і нічога не разумеюць у вонкавапалітычным кантэксце. А кантэкст вымалёўваецца наступны.

Жыццё прапануе Аляксандру Лукашэнку выбар паміж дзвюма новымі мадэлямі захавання ўлады, якія можна ўмоўна назваць «варшаўскай» і «ерэванскай». Першая мяркуе, што ствараецца партыя ўлады, дастаткова магутная (у тым ліку – коштам асабістага аўтарытэту яе лідара), каб утрымаць рычагі праўлення на ўсіх узроўнях. Другая да таго ж легалізуе кіраўнічыя амбіцыі свайго правадыра ў выглядзе партфеля прэм’ер-міністра, захоўваючы аўтарытарны рэжым у выглядзе намінальным парламенцкай рэспублікі.

Абедзве мадэлі маюць у вачах Лукашэнкі два несумнеўныя агульныя «мінусы». Яны звязаныя акурат з неабходнасцю палітычнага афармлення партыі ўлады – а значыць, захавання прынамсі бачнасці калегіяльнага кіраўніцтва і дэмакратычнасці выбарчай працэдуры – гэта значыць, шматпартыйнасці.

А шматпартыйнасць – гэта як костка ў горле, бо ў гэтым выпадку непазбежнае пранікненне ў склад парламенту хоць якой апазіцыі. І разумны ды амбіцыйны дэпутат ва ўмовах парламенцкай рэспублікі ўжо сапраўды выкарыстоўвае гэты рэсурс на ўсю катушку; каму-каму, а Аляксандру Рыгоравічу не трэба распавядаць, як гэта робіцца.

Лукашэнка выступае ў Парламенце. Фота 2016 г.

Вядома, можна паспрабаваць разыграць варыянт, калі выбары ў парламент ажыццяўляюцца не паводле партыйных спісаў, а зусім нават па мажарытарных акругах – як у нас сёння і робіцца. Але ў гэтую сістэму Лукашэнка паверыць яшчэ менш, бо разумее: ніхто так лёгка не аддае свой голас, як дэпутат-аднамандатнік, які пойдзе за тым, хто мацнейшы. Так, сёння ён прэзідэнт – ён мацнейшы, ды яшчэ згодна з дзейнай Канстытуцыяй. А заўтра? Тым больш, што ўнутранай ідэйнай устаноўкі на падтрыманне ўлады ў нашых чыноўнікаў, частка якіх складае і дэпутацкі корпус, няма. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, той маршрут, які яны абіраюць для падарожжа пасля адстаўкі: чамадан – вакзал – Расея. Пра які патрыятызм і якую вернасць ідэалам можна тут гаварыць?

Вядома, найбольш саладкамоўны з нашых міністраў можа паспрабаваць сказаць, што рэферэндум і змяненне Канстытуцыі – гэта ўсё пра іншае. Але тады казаць пра гэта можна і трэба ўжо цяпер. Ёсць частка пытанняў, якія і апазіцыя падтрымае – напрыклад, пытанне адмены смяротнага пакарання, якая з’яўляецца адным з фактараў, што стрымліваюць на нашым шляху ў Еўропу. Але Уладзімір Макей усцяж маўчыць. І ні рожак, ні кучараў –
«баранчыкаў» у ілбе ягоным не відаць. Верагодна, я маю рацыю, і ніякай каманды да
гэтага часу не паступала. І Лукашэнка з мадэллю не вызначыўся.

А калі не вызначыўся, то так і будзем мы пераступаць з нагі на нагу, часам нават прытанцоўваючы. Вось гэтыя пераскокі паміж Варшавай ды Ерэванам і ёсць у дадзеным канкрэтным выпадку – «полька беларуская».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў