Марыя Калеснікава затрыманая, яна не ўязджала ва Украіну


Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / belsat.eu

«Ва ўкраінскія пункты пропуску прыбылі двое грамадзянаў Беларусі – Краўцоў і Раднянкоў. Калеснікава ва ўкраінскія пункты пропуску для праходжання памежнага кантролю не прыбывала», – паведаміў belsat.eu прэс-сакратар ПСУ Андрый Дэмчанка.

Паводле Андрыя Дэмчанкі, зараз Краўцоў і Раднянкоў прайшлі усе неабходныя працэдуры для перасячэння ўкраінскай мяжы.

Сябраў КР вывезлі ва Украіну прымусова – МУС Украіны

Намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка пракаментаваў у Facebook выезд з Беларусі сябраў Каардынацыйнай Рады:

«Гэта не быў добраахвотны выезд. Гэта было гвалтоўнае выправаджэнне з роднай краіны. Марыю Калеснікаву не ўдалося выправадзіць з Беларусі. Гэтая смелая жанчына распачала дзеянні па перадухіленні яе перамяшчэння праз мяжу. Яна засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усю адказнасць за яе жыццё і здароўе нясе персанальна Аляксандр Лукашэнка».

Калеснікава парвала пашпарт, каб яе не вывезлі з Беларусі – медыі

Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава не перасякла мяжу Украіны, бо пры спробе яе гвалтоўнага вывазу з тэрыторыі Беларусі яна парвала свой пашпарт.

«Пры спробе фактычнай дэпартацыі яна парвала пашпарт, і не магла быць прапушчана памежнікамі на тэрыторыю Украіны», – сказаў суразмоўца агенцтва «Інтерфакс-Україна».

Павел Латушка пацвердзіў TUT.BY інфармацыю, што Марыю Калеснікаву прымушалі пакінуць Беларусь, і на мяжы яна разарвала свой пашпарт.

Раніцаю 8 верасня з’явілася інфармацыя, што сябры Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў каля 4-ай гадзіны раніцы прайшлі кантроль на беларуска-ўкраінскай мяжы, пра гэта паведаміла БелТА са спасылкаю на прэс-сакратара Памежнага Камітэту Антона Бычоўскага.

«Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў і Марыя Калеснікава ў раёне 4.00 праходзілі памежны кантроль у пункце пропуску» Аляксандраўка», – распавёў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

Марыя Калеснікава не даступная для каментароў ад раніцы 7 верасня.

Пасля 9-ай гадзіны раніцы ў прэс-службе Памежнага камітэту пацвердзілі радыё «Свабода», што Краўцоў і Раднянкоў пакінулі тэрыторыю Беларусі, Марыя Калеснікава затрыманая. Паводле прэс-службы Памежнага камітэту, якую цытуе TUT.BY машына на якой ехалі Калеснікава, Краўцоў і Раднянкоў «стварыла пагрозу жыццю ваеннаслужачаму».

Чалец Каардынацыйнай Рады Максім Знак паведаміў журналістам радыё «Свабода», што Калеснікава не планавала пакідаць Беларусь.

Марыя Калеснікава
Удзельніца прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава па дарозе на допыт у Следчы камітэт. 27 жніўня 2020 года.
Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

7 верасня каля Нацыянальнага мастацкага музею невядомыя людзі пасадзілі Марыю Калеснікаву ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезлі ў невядомым кірунку. Увечары 7 верасня сваякі Марыі Калеснікавай падалі заяву ў міліцыю па факце знікнення.

Цяпер у Беларусі на волі застаюцца толькі 2 сябры прэзідыуму Каардынацыйнай Рады – гэта юрыст Максім Знак і Нобэлеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч.

На мінулым тыдні была затрыманая чалец Каардынацыйнай рады Лілія Уласава, супраць яе заведзеная крымінальная справа.

Чальцы прэзідыуму Каардынацыйнай Рады Павел Латушка і Вольга Кавалькова зараз знаходзяцца за межамі Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў