«Памерці, каб жыла Бацькаўшчына», або Навошта быў патрэбны Слуцк-1920?

Часцяком кажуць, маўляў, не было б БНР – не было б і БССР, а значыць, і сённяшняй незалежнай Беларусі. Дык вось: не было б Слуцкага збройнага чыну – не было б і БНР.

Дакладней так: БНР бы была, але выключна як адно са шматлікіх папяровых непаразуменняў, народжаных грамадзянскаю вайною ў колішняй царскай Расеі, а цяпер цікавых толькі вузкім адмыслоўцам у тым перыядзе. Чаму так радыкальна? Бо ніякія пракламацыі, мапы, дакументы і выдуманыя пасады ў той бурлівы час не забяспечвалі дзяржаве незалежнасці. Забяспечвала яе толькі сіла, супраціў. Ці прынамсі спроба супраціву.

Аддзел атамана Семянюка, Вялікае Стахава, 1919 год

Мы ведаем, што ў БНР была распрацаваная ўніформа. Ведаем, што былі праекты ўзнагародаў. Ведаем, што былі і вайсковыя званні, цэшкі, адзнакі… Не было аднаго: вайсковай сілы. Сапраўдных палкоў і батальёнаў, якія маглі б выбіваць з гарадоў войскі суседніх дзяржаваў. Калі цікава, то пачытайце пра баі ўкраінцаў з палякамі за Львоў у той жа час і параўнайце маштабы. Зробіцца крыху няёмка.

Гарадзенскі швадрон, Балаховіч і случчакі

Так, быў беларускі кавалерыйскі швадрон у Горадні, фота з байцамі якога і афіцэрамі на гаўбцы дому віцэ-губернатара так любяць гісторыкі. Але давайце шчыра: полк той уваходзіў у склад літоўскага войска, то бок меўся бараніць інтарэсы не Беларусі, але Літвы. У баях полк не тое каб не праславіўся… Не браў удзелу. А калі ў Горадню ўвайшлі польскія войскі, то полк наўпрост раззброілі. Сумная і не самая гераічная гісторыя.

Так, была армія Станіслава Булак-Балаховіча. Сапраўдная сіла, якая добра перапужала бальшавікоў увосень 1920-га года. Але давайце шчыра: у БНР не знайшлося грошай для Балаховіча, які, як кожны кіраўнік, меў карміць і апранаць сваіх хлопцаў. Таму бацька-атаман і разарваў усялякія стасункі з айцамі БНР, пайшоў да Пілсудскага, а пасля абвесціў сваю рэспубліку ў Мазыры… Скончылася ўсё таксама няўдала, але ўсё ж весялей.

Ну і вось, нарэшце, Слуцкае паўстанне ў лістападзе 1920-га. Без аніякіх шанцаў на ўдачу. Без падтрымання грашыма ці зброяй з боку БНР. Без ілюзіяў… З боку Беларускай вайсковай камісіі, што была ў структуры Войска Польскага, да случчакоў прыехалі некалькі вайсковых спецаў, але застаўся да канца толькі Андрэй Якубецкі. З Горадні случчакам даслалі вышыты дзяўчатамі сцяг з Пагоняй і словы, якія аказаліся запаветам: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Цэшка БНР. Асобнік з правага боку знойдзены пад Слуцкам

Супраціў як шанец на будучыню

Зразумела, што невялікія сілы 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага палкоў не маглі стрымаць навалы з усходу. Куды больш дасведчаныя і добра ўзброеныя злучэнні белых або той жа УНР таксама зазнавалі паразы ды адступалі перад узброеным натоўпам, які паверыў у бальшавіцкую ўтопію. Зазнаць паразу не сорамна. Сорамна не супраціўляцца. Як у бойцы: упасці не сорамна, а сорамна стрываць абразу і гвалт, уцячы. Бо супраціў дае галоўнае – шанец на будучыню.

Слуцкі збройны чын даў БНР легітымнасць. Бо калі за нешта льецца кроў, значыць, гэтае нешта нечага каштуе. На палях каля Слуцку дасюль зрэдку, але знаходзяцца цэшкі з Пагоняй, якія байцы чаплялі на старыя фуражкі і папахі царскай арміі. Адна з іх, дарэчы, была выстаўленая на экспазіцыі ў Нацыянальным гістарычным музеі да 100-годдзя БНР. Пакамечаная, цёмная ад часу, зусім не кідаецца ў вочы… Але каштуе такая цэшка куды больш за пракламацыі, пашпарты, граматы ды іншыя бюракратычныя артэфакты, што пасля друкаваліся ў Варшаве, Вільні і Коўне.

Аддзел атамана Семянюка, Вялікае Стахава, 1919 год

Што ж нам сённяшнім да Слуцкага збройнага чыну? Што нам да ягоных герояў – Семенюка, Сокал-Кутылоўскага, Чайкі, Якубецкага? Ці памятаем мы іх наагул?.. Ахвяра гэтых людзей некалі давяла, што кроў і пот – найлепшая інвестыцыя ў незалежнасць. Сёння, калі толькі лянівы не кажа пра страту незалежнасці ды пагрозу з усходу, нам усім варта памятаць тое ж, што і 100 гадоў таму: супраціў – гэта заўсёды шанец.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў