Памерлы ў «Экамедсэрвісе» мужчына не быў пацыентам медцэнтру – ён суправаджаў сужыцельку


Мужчына, які памёр раніцай 22 красавіка ў прыватным медцэнтры «Экамедсэрвіс», не быў яго пацыентам – ён суправаджаў сваю грамадзянскую жонку, якая прыехала ў клініку на абследаванне.

Пра гэта паведаміў БелаПАН прэс-афіцэр УУС Кастрычніцкага раёну Менску Леанід Ушэнін.

Раней ва УУС заявілі, што абследавацца ў медцэнтры планаваў сам мужчына – жыхар Рэчыцы 1952 года нараджэння. Яму стала дрэнна падчас чакання прыёму ў калідоры, медыкі спрабавалі яго выратаваць, але а 08:05 зафіксавалі смерць.

Пазней ва УУС удакладнілі, што прайсці абследаванне планаваў не памерлы, а яго сужыцелька.

Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына памёр ад сардэчна-сасудзістага захворвання, але канчатковыя высновы будуць зробленыя пасля правядзення судмедэкспертызы. Раней мужчына не быў на медычным уліку, адзначыў Леанід Ушэнін.

Пра смерць у «Экамедсэрвісе» стала вядома раніцай 22 красавіка ад відавочцы. Пацыентка медцэнтру распавяла, што каля 10:00 у холе клінікі ляжаў накрыты прасціной чалавек, побач знаходзіліся лекары і міліцыянт. На пытанне, што адбылося, адна з супрацоўніц клінікі адказала, што мужчына памёр ад сардэчнага прыступу.

У «Экамедсервісе» каментаваць сітуацыю адмовіліся.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў