Памерла маці падлетка, якога сілавікі збілі да комы. Яна сама гадавалася ў інтэрнаце і марыла пра вялікую сямʼю


Апошнім часам Таццяна М., сын якой двойчы трапіў у рэанімацыю пасля затрымання сілавікамі, пачувалася вельмі кепска. Яна магла функцыянаваць толькі дзякуючы абязбольванню. Пра гэта «Белсату» расказала Таццяніна стрыечная сястра – Алёна Яхімоўская.

У Таццяны была цяжкая форма гепатыту. Пасля апошніх падзеяў, якія напаткалі ейную сямʼю, самапачуванне жанчыны істотна пагоршылася. Яна прымала абязбольвальныя сродкі, але і тыя мала дапамагалі. Некалькі дзён таму Таццяна трапіла ў шпіталь, дзе ейнае жыццё абарвалася пад вечар 24 верасня.

«Не ўратавалі… Магчыма, гэта было ўнутранае кровацячэнне. Ускрыццё дакладна пакажа, што стала прычынай смерці», – распавяла Алёна Яхімоўская.

Таццяне было 44 гады. Яна гадавалася ў адным з менскіх інтэрнатаў, пра які згадвала як пра нешта надзвычай цяжкае і малапрыемнае. «Яна заўсёды хацела вялікую сямʼю, шмат дзяцей. Казала: хачу свой дзіцячы садок. У выніку яна яго і мела – у яе было дзевяцёра дзяцей. Гадавала іх сама, была маці-адзіночкай. Клапацілася пра іх, старалася прыгожа адзяваць. Была вельмі добрая і справядлівая. Гэта быў міравы чалавек з цэлым мноствам сяброў. Вельмі любіла сабакаў. Нават некаторы час займалася іх развядзеннем», – кажа сястра памерлай.

Таццяна М. з дзецьмі.
Фота: t.me/nashaniva

Як падкрэслівае Алёна Яхімоўская, Таццяна не ведала, дзе падзеўся ейны сын Цімур, які знік са шпіталю 8 верасня. Чуткі пра тое, што родзічы вывезлі хлопца за мяжу, яна лічыць непраўдзівымі. Таццяна вельмі пераймалася сітуацыяй з сынам, ягоным станам здароўя і заведзенай супраць яго крымінальнай справай за ўдзел у масавых закалотах.

«Таццяна вельмі перажывала. Ёй пісалі: як яна магла адпусціць хлопца на вуліцу, калі там такое дзеялася? Гэта яе вельмі раніла. Яна пытала ў мяне, ці я б адпусціла сына з дому. Я ёй казала, што, вядома, адпусціла б, бо ён жа збіраўся ісці з сябрам на рыбалку», – згадвае спадарыня Алёна.

Сямёра з дзевяці дзяцей Таццяны М. – няпоўнагадовыя. Паводле сваячкі памерлай, Таццяна не хацела б, каб ейныя дзеці трапілі ў інтэрнат.

Справа менскага падлетка Цімура М. стала рэзананснай у Беларусі. Ён двойчы трапляў у рэанімацыю пасля спатканняў з сілавікамі.

Станцыя мнтро Пушкінская, Менск, 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Першы раз 16-гадовы Цімур М. трапіў у рэанімацыю 3-га гарадскога дзіцячага клінічнага шпіталю ўночы з 12 на 13 жніўня. Туды яго прывезлі з РУУСу Партызанскага раёну беларускай сталіцы. Паводле Цімура, яго збівалі і катавалі падчас затрымання і ў міліцэйскім пастарунку: білі галавой аб бетон, засоўвалі дручок у рот. Стан хлопца быў настолькі цяжкі, што дактары ўвялі яго ў штучную кому.

Hавiны
Сілавікі збілі 16-гадовага падлетка да комы: білі галавой аб бетон, усоўвалі дручок у рот
2020.08.15 00:57

Трэцяга верасня хлопца выклікалі ў Следчы камітэт на допыт у крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках. Падлетку ставілі ў віну таксама ўдзел у збройным нападзе на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ, які прыехаў эвакуяваць няспраўны тралейбус ля метро «Пушкінская» у Менску 10 жніўня.

На допыце Цімуру М. стала кепска. Яго зноў даставілі ў рэанімацыю, але ўжо 2-га клінічнага шпіталю ў Менску. Родзічы Цімура распавялі «Белсату», што Таццяна прыязджала да сына ў шпіталь, яле яе не пусцілі і не прынялі перадачы, якую яна яму прывезла.

Hавiны
Да хлопца, які трапіў у рэанімацыю з допыту, не пусцілі нават маці
2020.09.06 16:45

Увечары 5 верасня ў тэлеграм-канале «Жёлтые сливы» было апублікавана відэа, на якім Цімур на бальнічным ложку распавядае, што трапіў у шпіталь з павышаным ціскам: «Прашу не распускаць фэйкі пра маё здароўе. Так, я сапраўды пад канвоем, але хлопцы – не звяры, адэкватныя».

8 верасня Цімура М. перавялі з рэанімацыі ў аддзяленне кардыялогіі. Адтуль ён сышоў у невядомым кірунку, дзе ён цяпер – невядома. Паводле сваякоў, на камерах відэазапісу бачна, што Цімур сустрэўся ў больніцы з дзяўчынай у цёмных акулярах, з каптуром на галаве і плюшавым мядзведзем у руках.

26 жніўня былы міністр здароўя, а цяпер старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік заявіў, што пацярпелы падлетак быў пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў і таму «атрымаў у морду». Медычныя дакументы, якія былі ў распараджэнні Цімуравых родзічаў, не пацвярджаюць наяўнасці псіхатропаў у арганізме хлопца.

Віктар Шукеловіч belsat.eu

Стужка навінаў