Памер Алег Радзюк – патрыёт і майстар, які экіпіраваў чэмпіёнаў


Былы баксёр, шмат гадоў ён вырабляў амуніцыю ў нацыянальным стылі для спартоўцаў. Алег Радзюк памёр 20 чэрвеня пасля працяглага змагання з анкалогіяй.

Яму было 55 гадоў, апошнія з іх Радзюк хварэў на рак скуры. Сумную навіну паведаміў чэмпіён свету ў тай-боксе і сябар Алега Юрый Булат.

«Здарылася страшэннае гора: памёр вельмі добры чалавек, мой сябра, «дзядзька» Алег Радзюк. Ён быў вельмі моцным, аптымістычным, праўдзівым Беларусам, патрыётам і сынам сваёй Бацькаўшчыны. Чалавек са сваім поглядам на рэчы, таму яго думкі часта адрозніваліся ад электаратнай большасці. Вельмі шчыры, добры, інтэлігентны і шляхетны», – напісаў у фэйсбуку Булат.

Алег Радзюк нарадзіўся і жыў у Менску, меў жонку і дваіх дзяцей. Займаўся боксам сам, потым трэнаваў спартоўцаў. З 1990-х гадоў наладзіў вытворчасць амуніцыі для двубояў. У пальчатках і шлемах ягонай гандлёвай маркі ALEH б’юцца і перамагаюць чэмпіёны высокага рангу.

Ён таксама быў вядомы як палітычны актывіст, даваў каментары незалежным медыям, у тым ліку інтэрв’ю «Белсату».

КА belsat.eu

Стужка навінаў