«Палёт валькірыяў» над краінай для жыцця

Беларускія палітычныя зводкі апошнім часам нагадваюць прагноз надвор’я: навальніцы, рэдкія дажджы, а недзе анамалія, снег з градам сярод лета. Так і тут: арышты, вобшукі, а пад Менскам – затрыманне трох дзясяткаў баевікоў. Час ужо і памаранчавы ўзровень небяспекі абвяшчаць…

Здаецца, мы ўжо звыкліся, што дажджы з навальніцамі – гэта цалкам звычайныя з’явы. Такое яно, гэтае лета – дажджлівае і хмарнае. А вось анамаліі – нешта новенькае. Тым больш незвычайна, што ўсе выбрыкі надвор’я наш гідраметцэнтр спрабуе спісаць на адзін атмасферны фронт, дзе б і што не адбылося. Для тых, хто прапусціў, нагадаем, што праваахоўнікі верагодна склеяць у адно справы Ціханоўскага, Статкевіча, іх паплечнікаў ды… затрыманых баевікоў з ПВК Вагнэра.

Hавiны
Навошта вагнэраўцы прыехалі ў Беларусь? Асноўныя версіі гучнай справы
2020.07.30 14:19

Давайце шчыра: «вагнэраўцаў» абсалютна не шкада – гэта забойцы, якія зараблялі сваімі прыгодамі на Данбасе ды яшчэ немаведама дзе. Знаходжанне падобных людзей у нашай краіне, тым больш, арганізавана і групай (узводам) цалкам непрымальнае. І тут не важна, у Афрыку яны ляцелі і выкарыстоўвалі Беларусь як «хаб», ці збіраліся нешта «муціць» тут. Іх месца – за кратамі. Пажадана – за кратамі ва Украіне, бо ў нас яны яшчэ нікога не забілі, а там – так.

Іншая справа, што зараз гэтая група ў руках беларускіх уладаў – сурёзны козыр. Замест няўцямных хлопцаў з размытымі тварамі, якія разважаюць пра пацукоў у водаправодзе, ці сяброў «Белага Легіёну» з адным на ўсіх аўтаматам без завадскога нумару, ёсць рэальныя людзі з баявым досведам і біяграфіямі. Гэта не жартачкі і ў беларускай найноўшай гісторыі такое – упершыню.

Шмат працы для МЗС, МУС і БТ

Дык чаму козыр? Як яго будуць разгульваць? Першы ход мы ўжо бачым. Гэта спроба звязаць справу Ціханоўскага і кампаніі з баевікамі. Па факце гэта тое ж самае, што выбух у менскім метро «павесіць» на Саннікава ці Дашкевіча. Маўляў, у зняволенні яны працягваюць здзяйсняць усё больш цяжкія злачынствы. Калі памятаеце, тады, у 2011-м, у першых рэпартажах ТБ пасля трагедыі фігуравалі ноткі аб «радыкальных моладзевых арганізацыях» сярод падазроных. Але, відаць, перадумалі. Палітыка асобна, тэракт – асобна.

Удзельнікі мітынгу Святланы Ціханоўскай у Менску.
Фота: Таццяна Капітонава / «Белсат»

На чарзе ход ведамства Макея: паказаць замежнікам, амбасадарам і абаронцам правоў чалавека, маўляў, няма ў Беларусі ніякіх рэпрэсіяў. А ёсць антытэрарыстычная аперацыя, абарона незалежнасці. Вось пашпарты, усе дадзеныя, калі ласка! Магчыма, заходнікі праглынуць. Магчыма, будуць разбірацца што да чаго, прычым – вельмі доўга. А магчыма нават падтрымаюць дзейсную ўладу ў «абароне незалежнасці і парадку». Можа нават пару спісаных браневікоў са складоў Бундэсверу падораць.

Наступны ход ведамства Караева. Асабістаму складу на планёрках і сходах будзе даведзена, што па іншы бок барыкадаў – зусім не дзяўчынкі ў ружовых шкарпэтках са сцягамі і белымі бранзалетамі. Па іншы бок – сапраўдныя забойцы без сумлення і радзімы. Няхай нават за спінамі тых дзяўчынак у ружовых шкарпэтках. Якая «міліцыя з народам»? З такім ворагам не размаўляюць, у яго – страляюць. Без папярэджання.

Фота: «Белсат»

Пасля – ход праўладных СМІ. Яшчэ да 9 жніўня будзе зроблены дынамічны фільм, накшталт «Жалезам па шклу» ці «Белага легіёна чорных душ». У стужцы будуць чаргавацца кадры з Сірыі і Данбасу з урыўкамі стрымаў незалежных СМІ з акцыяў на падтрымку Ціханоўскай і аб’яднанага штабу. Асобна ўставяць прамову ўжо былой даверанай асобы Ціханоўскай Мікалая Саляніка, дзе той на мітынгу хваліць Гітлера… Будзе блакбастэр для тых, каму за 65.

Які саўндтрэк у фінале?

Ну добра, а што з прыхільнікамі пераменаў – звычайнымі беларусамі, якія зараз ходзяць на мітынгі ў Глыбокім, Крупках, Гомлі, Берасці, Менску? Ясна, што яны не павераць у сувязь Ціханоўскага з баевікамі. Не павераць у «руку Масквы». Не павераць, што іхныя куміры, людзі, якім яны паверылі, маюць справы з баевікамі і дыверсантамі. Тут разлік на тое, што спрацаваць мае звычайны страх.

Фота: «Белсат»

Мэта – каб людзі ўсвядомілі, што 15 суткамі гісторыя пасля затрымання можа не скончыцца. Урэшце, недзе ж хаваюцца яшчэ 167 баевікоў з 200 анансаваных. Давядзі, што гэта не ты! Каб некага ў хаце ўтрымалі бацькі ці жонка з дзецьмі, маўляў, за «краіну для жыцця» трэба жыць, а не паміраць. Каб людзі, праходзячы рамкі металашукальнікаў на мітынгах усведамлялі: рэвалюцыяў за агароджамі не бывае.

Ці спрацуе ўсё гэта? Не ведаю. Учорашні 63-тысячны мітынг у Менску паказаў, што нягледзячы на ўсе страшылкі, хіт «Разбуры турмы муры» мацнейшы за «Палёт валькірыяў» Вагнэра. Прынамсі, на дадзены момант. Зрэшты, выбары ў нас – гэта не кіно на паўтары-дзве гадзіны, а серыял. У розных сезонах нават саўндтрэкі розняцца. Хто ведае, можа ў фінале мы пачуем і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага…

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску.
Фота: Nataliya Fedosenko / TASS / Forum

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў