Паляванне на расейскіх чыноўнікаў. Спецслужбы «распрацоўвалі» памочніка Пуціна


15 лістапада падчас атрымання хабару ў $ 2 млн затрымалі міністра эканамічнага развіцця РФ Аляксея Улюкаева. Паводле расейскага выдання vedomosti.ru, міністр не быў адзіным чыноўнікам, на якога палявалі спецслужбы.

Паводле следства, Улюкаеў меўся патрабаваць такую суму ў прадстаўнікоў канцэрну «Роснефть» за пазітыўную ацэнку ад міністэрства ў справе набыцця пакету акцыяў кампаніі «Башнефть».

«Мішэнямі распрацоўкі былі віцэ-прэмʼер Аркадзь Дварковіч, памочнік прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна Андрэй Белавусаў (публічна выступалі супраць продажу кампаніі «Башнефть» канцэрну «Роснефть»)», – піша выданне, спасылаючыся на высокапастаўленую ананімную крыніцу з сілавых структураў.

Як падкрэслілі ў Крамлі – Уладзімір Пуцін сачыў за хадою ўсяго расследавання – то бок цягам больш як года паводле ФСБ. Прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў, заўважыў, што адзін міністр-карупцыянер – гэта яшчэ не паказнік.

Падчас паседжання ўраду 16 лістапада расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што кропку ў справе Аляксея Улюкаева павінен паставіць суд.

«Разлічваю, што здарэнне не паўплывае на вынікі вашай паўсядзённай дзейнасці», – звярнуўся да членаў ураду Мядзведзеў.

ЮВ, belsat.eu, паводле vedomosti.ru

Стужка навінаў