Вячаслаў Касінераў паведаміў, што міліцыянты пераследуюць яго з жонкай Марынай. За маршруткай, на якой яны едуць па гораду, едзе мікрааўтобус з АМАПам. З машыны міліцыянты вядуць здымкі.
Актывісты мяркуюць, што плануецца затрыманне.
«Аналагічная сітуацыя зараз адбываецца і з іншымі актывістамі. Той жа Максім Вінярскі, Павал Севярынец. Некаторыя асобы з БНК таксама кажуць пра пераслед з боку міліцыянтаў», – распавёў «Белсату» Вячаслаў Касінераў.
Падчас выхаду з аўтобуса Касінеравы распачалі трансляцыю. Верагодна, што міліцыянтаў гэта спыніла.
Павел Севярынец не адказвае на тэлефанаванні.
Актывістка Вольга Нікалайчык напісала ў Facebook, што праваахоўнікі павіншавалі яе грукатам у вокны. Цяпер яна таксама не падымае слухаўку.
Палітык Мікалай Статкевіч таксама не выходзіць на сувязь.
Не гледзячы на тое, што на 25 сакавіка гарадскія ўлады не дазволілі правядзенне аніякіх імпрэзаў, арганізатары святкавання Дня Волі ў Менску прапаноўваюць сабрацца ў гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы і зладзіць шпацыр да Валадарскага, 9 – таго самага будынку, дзе абвесцілі незалежнасць БНР.
СК belsat.eu