Паляўнічыя застрэлілі ваўка, якога здымаў «Белсат»


У лістападзе мінулага года група навукоўцаў адлоўлівала ваўкоў на Альманскіх балотах. Belsat.eu падрабязна распавядаў пра даследаванне. У межах праекту vouk.by працаўнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падтрыманні Франкфурцкага заалагічнага таварыства адлавілі на Палессі двух ваўкоў. Адзін з іх – дарослы самец, якога паміж сабою навукоўцы называлі Васем. Але афіцыйнага імя яму абраць так і не паспелі.

Адмыслоўцы павесілі на жывёлін GPS-ашыйнікі і адпусцілі. Аброжак дасылаў каардынаты перабывання, а навукоўцы рэгулярна хадзілі па ягоных слядах. Такім чынам працаўнікі высветлілі, напрыклад, што Вася харчаваўся ў асноўным падалью і так і не паспеў завесці сям’ю, быў адзіночкай.

Ваўка забілі ўначы 5 лютага непадалёку ад вёскі Букча Лельчыцкага раёну. Паводле мясцовых паляўнічых, да іх паступіў званок ад вяскоўцаў пра тое, што воўк наведаўся ў Букчу. Дадзеныя з GPS-ашыйніка паказваюць, што воўк прайшоў уздоўж вёскі. І навукоўцы заўважаюць, што гэта быў першы выхад Васі да Букчы.

ВІДЭА
Сачыце за ваўкамі. Хто і навошта адлоўлівае драпежнікаў на Альманах
2018.11.19 15:32

«За ўвесь час праекту мы адлавілі 12 ваўкоў і ўсе, хто выходзіў за межы запаведных тэрыторый, былі забітыя. Ваўкі жывуць зграямі, а з-за палявання на іх сямейныя сувязі ваўкоў разбіваюцца, яны ўжо не могуць упаляваць буйнога звера. І вымушаныя самастойна здабываць сабе ежу. Але сапраўдны канфлікт з чалавекам воўк стварае вельмі рэдка», – тлумачыць каардынатар праекту Віктар Фянчук.

Паводле статыстыкі Міністэрства лясной гаспадаркі, пазалетась паляўнічыя здабылі амаль 96 % ад усёй колькасці ваўкоў у краіне – 1 614. Для параўнання: колькасць зуброў асноўнага генафонду – 1423.

Як навукоўцы ловяць на Палессі ваўкоў.

Паглядзіце, як навукоўцы ловяць на Палессі ваўкоў.Упершыню навукоўцы ловяць ваўкоў на Альманскіх балотах. Дагэтуль праект рэалізоваўся ў Белавежскай пушчы.

Opublikowany przez Белсат TV Poniedziałek, 19 listopada 2018

 

НР/Belsat.eu

Стужка навінаў