«Паляўнічая на скальпы» з Румыніі можа стаць першым еўрапейскім пракурорам


Вораг румынскіх карупцыянераў Лаўра Кёвэшы.
Фота: Reuters/Forum

Былая кіраўніца Нацыянальнага антыкарупцыйнага дырэктарату Румыніі Лаўра Кёвэшы можа стаць першаю кіраўніцаю Еўрапейскай пракуратуры. Ейную кандыдатуру 19 верасня падтрымалі 17 з 22 краінаў ЕЗ, якія ствараюць новае ведамства.

На наступным тыдні плануецца фармальна завершыць вылучэнне кандыдаткі. Затым дзяржавы ЕЗ мусяць афіцыйна зацвердзіць яе кандыдатуру, паведамляе Deutsche Welle.

Разам з тым супраць прызначэння Кёвэшы выступаюць улады ейнай роднай Румыніі, абвінавачваючы яе ў карупцыі, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і наданні несапраўдных звестак.

Hавiны
Румынскія ўлады адмяняюць указ аб карупцыянерах пасля пратэстаў
2017.02.05 10:22

За пяць гадоў, якія Кёвэшы ўзначальвала Нацыянальнае антыкарупцыйнае ўпраўленне Румыніі, да суду за карупцыю былі прыцягнутыя тысячы чалавек: міністраў, медыямагнатаў, суддзяў, пракурораў, дэпутатаў і бізнесоўцаў. У 2015 годзе The Guardian назвала яе «ціхім, сціплым галоўным пракурорам, які прыносіць скальпы».

Пры гэтым Кёвэшы і яе ведамства часам вінавацяць у парушэнні правоў чалавека, у тым ліку незаконным праслухоўванні. У прыватнасці, яе шмат крытыкуюць чальцы ўрадавай кааліцыі з сацыял-дэмакратычнай партыі, супраць якой ведамства правяло шматлікія расследаванні.

ВІДЭА
У Румыніі – масавыя пратэсты. Адбыліся сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй
2018.08.11 09:04

Сама пракурор лічыць абвінавачванні часткай палітычнай кампаніі супраць яе. У 2018 годзе яны пакінула сваю пасаду.

Еўрапейская пракуратура павінна пачаць працу не пазней за 2021 год. Яна будзе расследаваць неправамернае выкарыстанне бюджэтных сродкаў ЕЗ і трансгранічныя махінацыі з ПДВ. Ствараюць ведамства 22 дзяржавы ЕЗ. Пазней да яго працы могуць далучыцца іншыя дзяржавы Еўразвязу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў