«Паляцела ў Чыкага – хутка вернецца». Лятучае метро ў Менску завесілі рэкламай


Арт-аб’ект Андрэя Бусла з выявай цягніка метро, які на мінулым тыдні з’явіўся на сцяне галерэі паміж будынкамі 20 і 45 па вуліцы Куйбышава, у пятніцу завесілі рэкламай аднаго з брэндаў адзення. Арганізатарка фестывалю «Vulica Brasil», у межах якога паўстаў цягнік, патлумачыла «Белсату», што здарылася.

Міла Котка ўпэўненая, што сітуацыя – звычайнае непаразуменне.

«Мы ўзгаднілі ўсё на «Гарызонце», але крыху затрымаліся з рэалізацыяй, бо заданне было тэхнічна складаным. У месцы, дзе вісіць цягнік, нельга выкарыстоўваюць пад’ёмнік, бо пад галерэяй праходзіць тралейбусны кабель пад напружаннем. Таму трэба было запрашаць альпіністаў. Яны ў сваю чаргу мусілі чакаць, каб не было ветру і можна было працаваць бяспечна. Калі яны нарэшце пачалі там рабіць, прыйшлі іншыя альпіністы і сказалі, што будуць вешаць рэкламу. «Гарызонт» – буйная структура, там працуе мноства людзей і нехта можа не ведаць пра пэўныя дамоўленасці», – распавядае Міла Котка.

Паводле арганізатаркі фэсту, яна звязалася з дырэкцыяй «Гарызонту» і пачула ад іх дазвол на працяг працаў.

«Яны сказалі: «Вешайце – рэклама пачакае». Але ў выніку яны паглядзелі, што гэта было б вялікай стратай грошай: рэклама была ўжо надрукаваная, была дамоўленасць з альпіністамі і г. д. І мы знайшлі кампраміс: рэклама, за якую яны ўжо атрымалі грошы, усё ж такі павісіць згодна з кантрактам, а потым зноў вернецца наш арт. Мяне запэўнілі, што нашую працу не пакрыўдзяць і не сапсуюць: наш цягнік прыклеены да сцяны, а рэкламны банэр прымацаваны да металічных канструкцыяў», – тлумачыць Міла Котка.

Людміла Якоўчыц, намесніца дырэктара холдынгу «Гарызонт-Белінвест-Дэвэлапер», з якім дамаўляліся арганізатары «Vulica Brasil», паведаміла «Белсату», што кампанія ўжо не адказвае за рэкламныя плошчы па вуліцы Куйбышава.

«Хто адказвае цяпер – мы не ведаем», – сказала Якоўчыц па тэлефоне.

Інфармацыю аб цяперашніх уладальніках плошчы нам не прадставілі таксама на заводзе.

На наступным тыдні цягнік з’явіцца таксама на другім баку галерэі – пры ўмове, што не будзе ветру. Фота – «Vulica Brasi»

Па словах Мілы Коткі, на наступным тыдні, калі не будзе моцнага ветру, цягнік павінен з’явіцца таксама з другога боку галерэі.

«І будзе ўсё як і трэба – лятучае метро, – кажа Міла Котка. – Пакуль я жартую, што метро паляцела ў Чыкага – і хутка вернецца».

Сам аўтар арт-аб’екту прызнаецца, што глядзіць на здарэнне па-філасофску.

«[Рэклама] павісіць і здымуць, – кажа Андрэй Бусел. – У нас ніколі гладка не праходзіць нічога».

Банэр паверх цягніка мастак называе цяпер «лятучым манга».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў