Пальцам у неба ці грошы на вецер. Навошта Лукашэнку Су-30?


Сучасныя, з моцным радарам і ўзбраеннем, здольныя выконваць шырокі профіль задачаў, звышманеўраныя знішчальнікі Су-30СМ. Беларусь набыла 12 такіх самалётаў. Першыя 4 прыляцяць да нас ужо сёлета.

«Гэта авантурызм чыстае вады. Тут няма ні палітыкі, ні прагматыкі, гэта проста авантурызм», – кажа кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

«4 самалёты для Беларусі ніякага надвор’я не зробяць. Гэта толькі грошы на вецер», – дадае былы вайсковы пілот, палкоўнік запасу Леанід Спаткай.

Нечаканая рэакцыя на ўзмацненне нашае абароназдольнасці. Але чаму нашыя эксперты так халодна вітаюць новыя «сушкі»? Перш за ўсё прычына ў пачуцці дэжавю. У 2013 годзе Беларусь зняла з эксплуатацыі старэйшага брата Су-30СМ знішчальнік Су-27. Тады камандзір Вайскова-паветраных сілаў Беларусі Алег Дзвігалёў матываваў гэта наступным чынам:

«Су-27 – вельмі дарагі ў эксплуатацыі самалёт, з вялікім расходам паліва. Ва ўмовах невялікай тэрыторыі Беларусі яго выкарыстанне немэтазгоднае. Нават пры вучэбным правяранні Су-27 з базы ў Баранавічах мы вымушаныя былі амаль 1,5 гадзіны трымаць яго ў паветры пасля выканання задання, каб ён выпрацаваў паліва. Гэта марнатраўства. Таму мы і адмовіліся ад эксплуатацыі гэтага самалёта».

Кошт эксплуатацыі Су-30 яшчэ вышэйшы. Ён складае каля $ 50 000 за гадзіну палёту, супраць $ 30 000 для Су-27. Лічбы агучыла Міністэрства абароны Малайзіі, якое шмат гадоў эксплуатуе гэты тып летака. Летась, менавіта з прычыны высокага кошту ўтрымання Су-30, Індыя адмовілася набываць дадатковую партыю гэтых знішчальнікаў і купіла французскія машыны. Пытанне: навошта Беларусь адправіла на пенсію марнатраўныя Су-27, якія нам не па кішэні, і набыла яшчэ больш дарагія ва ўтрыманні Су-30?

«Тут, хутчэй, гаворка павінная ісці не столькі пра неабходнасць гэтых самалётаў, колькі пра лабіяванне менавіта гэтага кантракту», – мяркуе Андрэй Паротнікаў.

Адметна, што пра элементы лабізму пры набыцці Су-30 у інтэрвю малайзійскаму выданню «FMT News» кажа і ананімны высокапастаўлены чыноўнік з Малайзіі:

«Праблема з набыццём вайсковай прадукцыі заключаецца ў тым, што малайзійскія афіцыйныя асобы не любяць купляць у ЗША або Вялікай Брытаніі, бо з імі ўсё «па-над сталом». Нацыянальная бяспека часта выкарыстоўваецца ў карупцыйных схемах».

Пра карупцыю ў кантрактах на закуп Су-30-х у Малайзіі загаварылі пасля таго, як летась у ліпені міністр абароны гэтае краіны агучыў непрыемную статыстыку: з 28-мі расейскіх знішчальнікаў у неба могуць падняцца толькі 4. Астатнія 24 перабываюць у доўгатэрміновым рамонце. Баяздольнасць на ўзроўні 20 % – гэта хіба новы сусветны рэкорд. Хацелася б запярэчыць гэтым лічбам, але іх няма чым крыць.

«Расея нічога не кажа пра баяздольнасць гэтых самалётаў. Пра гэта ўвогуле ніхто нідзе нічога не піша», – адзначае расейскі вайсковы аглядальнік Павел Фельгенгаўэр.

Каб лепш зразумець абсурднасць рашэння аб набыцці Су-30-х для Беларусі, 84-ай краіны паводле плошчы ў свеце, варта глянуць, хто яшчэ эксплуатуе гэтыя машыны. Расея – тэрыторыя нумар 1, Кітай – 3-ці паводле велічыні ў свеце, Індыя – 7-мая паводле тэрыторыі, Казахстан – 9-ты, Алжыр – 10-ты, Інданезія – 14-тая, Ангола – 22-ая, Венесуэла – 32-ая. Ёсць у паўтара разу большы за Беларусь В’етнам, але ў яго тысячакіламетровае ўзбярэжжа з амаль такімі ж паводле плошчы тэрытарыяльнымі водамі, як і самая краіна. Апошняя – крышку большая за Беларусь Уганда, але яна набыла тыя Су-30, ад якіх адмовілася Індыя. Андрэй Паротнікаў кажа, што Беларусі варта было б задумацца пра іншы тып знішчальніка:

«Су-30 – цяжкі знішчальнік, пражэрлівы, для вялікіх краінаў. Таму зразумела, чаму яго набывае Расея, Кітай або Казахстан. Беларусі лепш мець аднарухавіковы знішчальнік. Але тут расейскаму вайскова-прамысловаму комплексу няма чаго нам запрапанаваць».

ВІДЭА
Топ-5 «залатых» закупак: на што дзяржава выдаткоўвае мільёны долараў?
2019.01.19 12:04

У Масквы для нас проста няма іншае альтэрнатывы, апроч Су-30. На сёння гэта самае таннае, што яна можа запрапанаваць або ўціснуць, калі казаць пра яе вайсковых сатэлітаў. Апроч Беларусі ў гэтую абойму трапіла і зусім невялікая Арменія, якая таксама падпісала на гэтым тыдні кантракт на пастаўку Су-30СМ. Праблема ў тым, што гэтыя знішчальнікі будуць абслугоўвацца за кошт беларускіх ды армянскіх падаткаплатнікаў, а вось працаваць яны будуць не на карысць Менску або Ерэвану, пра гэта кажа беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін:

«Яны будуць працаваць у расейскіх стратэгічных інтарэсах. Расея не без сваёй цікавасці пастаўляе нам гэтыя самалёты. Для таго, каб прывязаць Беларусь да сябе, па-першае, і каб напружыць адносіны Беларусі з NATO. Тут у першую чаргу клопат пра расейскі інтарэс, а Беларусь ужо на падхопе».

Вельмі сімвалічна, што паводле NATO-ўскай класіфікацыі Су-30 носіць назву «Flanker», што ў адным са значэнняў даслоўна перакладаецца з англійскай мовы як «махлярства». Пытанне толькі, хто каго «перамахлярыў»? Масква, якая за кошт беларускага бюджэту ўціснула саюзніку патрэбныя перш за ўсё сабе самалёты, ці Менск, які зняў з парадку дня крытычнае для Крамля пытанне вайсковае авіябазы на тэрыторыі Беларусі?

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Фота: Igor Russak / NurPhoto via ZUMA Press / FORUM

Стужка навінаў