Палкоўнік Спаткай з нагоды справы Шаройкі: Шпількі замежных спецслужбаў на Лукашэнку не ўплываюць

ВІДЭА

Арышт украінскага журналіста ў Беларусі ды абвінавачанні яго ў шпіянажы пакінулі больш пытанняў, чым адказаў. Што ж не клеіцца ў гэтай справе? Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з палкоўнікам у адстаўцы Лявонам Спаткаем.

У Менску затрымалі грамадзяніна Украіны Паўло Шаройку. Беларусы сцвярджаюць, што гэта шпіён, які стварыў вялікую агентурную сетку. У той жа час украінцы кажуць, што гэта незаконнае затрыманне журналіста. Хто мае рацыю? Каму верыць?

Як кажуць, звычайная практыка. Калі «паліцца» шпіён ці агент, – ёсць прыклады і з савецкага часу, і амерыканцы, якіх у Савецкім Саюзе спецслужбы затрымлівалі, – звычайна ўсе пачынаюць казаць: я не я, і хата не мая. Але пазней ідзе абмен на раўназначныя фігуры. Пачакаем два-тры тыдні, і напэўна будзе абмен на асобу, якую затрымалі ва Украіне і якую таксама абвінавачваюць у шпіёнскіх справах. Калі такое адбудзецца, то гэта найлепшае пацвярджэнне таго, што журналіст насамрэч быў спецыялістам выведкі ды працаваў пад прыкрыццём. Тым больш ёсць факты, якія даюць падставы гэтак меркаваць.

Ці можа быць затрыманне Шаройкі своеасаблівай помстаю Беларусі за затрыманне гэтага беларуса, які працаваў на расейскія спецслужбы?

Магчыма, гэта галава на галоў. Калі паміж сабой не дамовяцца: «Хлопцы, мы вашага «спалілі», забірайце яго». – «Ён не наш». – «Ага, не наш?» Значыць, забралі.

Тады ў адказ затрымліваюць спецыяліста, які ўжо быў пад назіраннем, як кажуць, пад каўпаком. Потым мяняюцца, кожны забірае свайго. Наколькі гэта хутка адбудзецца – залежыць і ад украінскіх спецслужбаў, якія вагаюцца, ці прызнаваць яго сваім ці не. Калі абмен адбудзецца – гэта адназначнае пацвярджэнне гэтага факту, калі няма абмену – тады будуць здабываць доказы таго, што ягоная дзейнасць сапраўды шкодзіла Беларусі.

А што гэта можа быць за беларус, якога затрымалі разам з Шаройкам? Ці гэта супрацоўнік спецслужбаў, ці хто наагул мае выхад на такую інфармацыю, што можа мець вялікую каштоўнасць?

Тут можна гадаць. Трэба мець факты. Можа, нейкі ўрадовец, які мае доступ да дзяржаўных сакрэтаў. Можа, які вайсковец – вайскоўцы ў нас усе маюць форму допуску да дзяржаўных таямніцаў. Абнародавання пакуль няма, і гадаць пра гэта – справа не высакародная. Пачакаем, нейкія факты мусяць выйсці на паверхню.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка нядаўна звольніў Уладзіміра Сінкевіча, старшыню намесніка службы замежнай выведкі Украіны. Ці гэта своеасаблівы разбор палётаў у сувязі з гэтай сітуацыяй, шпіёнскім скандалам?

Магчыма, ішлі нейкія перамовы паміж спецслужбамі Беларусі ды Украіны. Гэтае звальненне ўскосна сведчыць, што гэта пракол украінскіх спецслужбаў, менавіта замежнай выведкі. Каб гэтая інфармацыя ў адкрыты доступ не трапіла, то можна было б сумнявацца, так ці не. А цяпер – вось яно, пацвярджэнне.

А ці будуць нейкія разборкі ў беларускіх спецслужбаў? Мы памятаем, што на пачатку кастрычніка галовы паляцелі ў Аператыўна-аналітычным цэнтры.

Па-першае, цяжка сказаць, ці паляцелі тыя галовы. А па-другое, якая прычына была таго, што іх часова крыху адсунулі ад кіравання? Ніякай больш інфармацыі на гэтую тэму няма. Якая прычына – таксама не вядома. Гэтых дзвюх падзеяў я б не звязваў.

Як ацэньваць публікацыю Тымчуком дакументаў, якія Шаройку нібыта перадаў працаўнік НТВ? Ці выглядаюць яны сапраўднымі?

Па-першае, гэтак дакументы ў органах дзяржаўнага кіравання не афармляюцца, нават тое, што датычыць памеру шрыфту. Я не буду называць памеру шрыфту, які выкарыстоўваецца для афармлення службовых дакументаў, але гэта не такі. Па-другое, усе дакументы, што датычаць выканання нейкіх дзеянняў, афармляюцца на бланку адпаведнай установы. Ці гэта Савет бяспекі, ці Міністэрства абароны, Камітэт дзяржбяспекі, але гэта дзвюхмоўны бланк з гербам Рэспублікі Беларусь.

Далей ёсць такія рэквізіты, як дата, нумар дакументу, пад якім ён зарэгістраваны, і ягоная форма – ці гэта загад, ці распараджэнне, ці ўказанне, ці нешта яшчэ. Кожны распарадчы дакумент замацаваны подпісам службовай асобы – напрыклад, міністр абароны, старшыня Савету дзяржбяспекі і г. д.

Ніводнага ж гэтага элемента, які мусіць быць у афіцыйным дакуменце, няма. Выглядае гэта так, нібыта нехта на камп’ютары набраў тэкст, прычым форма пабудовы гэтага тэксту таксама не адпавядае правілам, прынятым у органах дзяржаўнага кіравання. Можаце паверыць, бо я сам шмат служыў, і ў тым ліку ў дзяржкамітэце, і я ведаю, як рыхтуюць падобныя дакументы. Тое, што ён не адпавядае стандартам, якія прынятыя ў нас, гэта сто адсоткаў, і не трэба ніякай экспертызы, каб тое пацвердзіць.

Ёсць версія, што ўкідванне інфармацыі пра затрыманне Шаройкі – правакацыя агентаў расейскіх спецслужбаў дзеля таго, каб не дапусціць паездкі Аляксандра Лукашэнкі на саміт «Усходняга партнёрства». Ці верагодны такі сцэнар?

Ведаючы натуру нашага кіраўніка, ён не звяртае на такія шпількі на свой адрас ніякай увагі. Калі яму гэта трэба – ён сабраўся і паехаў. Як калісьці казаў Чэрчыл: няма ніякіх сяброў, а ёсць інтарэсы. Калі гэта мусіць быць на карысць ягоным інтарэсам, то ніякія шпількі замежных спецслужбаў, якія б яны ні былі, на гэта ніяк не паўплываюць. Прыгадайце, напрыклад, сітуацыю з той жа інфармацыйнай вайной, якую фактычна вяла Расея ў дачыненні Беларусі падчас падрыхтоўкі вучэнняў «Захад-2017». Яна ніякім чынам не паўплывала на рашэнне Лукашэнкі, хоць, без сумневу, яна на гэта была скіраваная.

Ці варта чакаць пагаршэння ў стасунках паміж сілавікамі Беларусі ды Украіны пасля гэтага інцыдэнту?

Я думаю, што паколькі гэтыя ўсе супрацоўнікі, як кажуць, выйшлі з аднаго шыняля Фелікса Эдмундавіча, стасункі, нават калі не на афіцыйным узроўні, падтрымліваліся і будуць падтрымлівацца. Ёсць шмат каналаў. Вайбэр, мэсэнджар, сацыяльныя сеткі – ведаючы адзін аднаго і зарэгістраваўшыся пад псеўданімамі, можна спакойна спісвацца, абменьвацца нейкай інфармацыяй. Кшталту, «хлопцы, не трэба сюды лезці, ёсць межы, якіх не трэба пераходзіць. Давайце дамовімся, што кожны гуляе паводле правілаў таго, на чыёй тэрыторыі застаецца». І ўсё будзе добра.

Стасункі заўсёды ёсць, на ўзроўні спецслужбаў людзі адно аднаго добра разумеюць. Я абсалютна не выключаю таго, што яны абменьваюцца інфармацыяй. Маўляў, хлопцы, мы высачылі, што ваш супрацоўнік працуе на нашай тэрыторыі, але ён палез туды, куды не трэба. Ёсць нейкія межы. Зразумела, што карміцца трэба ўсім, але правілы ёсць, і іх трэба прытрымлівацца.

Інтэрв’ю паказалі 24 лістапада ў праграме «Прасвет»

Іншыя тэмы праграмы:

Глядзі таксама
Каментары