Палкоўнік СК: Лічбавы следчы – гэта нашая будучыня


Следчы камітэт Беларусі ставіць задачу скараціць матэрыяльныя і чалавечыя выдаткі падчас расследавання крымінальных справаў праз лічбавізацыю ўсёй дакументацыі. Пра гэта распавёў кіраўнік праекту «Адзіная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма СК», палкоўнік юстыцыі Іван Судніковіч падчас форуму IGF-2019.

Палкоўнік юстыцыі Іван Судніковіч.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Перад Следчым камітэтам стаіць задача скараціць матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы, якія задзейнічаны падчас крымінальнага працэсу, зрабіць яго больш адкрытым для грамадзянаў. Цяпер усё следства вядзецца ў папяровым выглядзе. Задача – аўтаматызаваць і зрабіць лічбавым крымінальным працэс, перавесці папяровую крымінальную справу ў лічбавую», – адзначыў палкоўнік юстыцыі Іван Судніковіч.

Ён паведаміў, што ў 2017 годзе распачаўся закуп паслугаў на распрацоўку аўтаматызаванай сістэмы для СК. Сканчэнне этапу распрацоўкі запланаванае на снежань 2020 года.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паводле Судніковіча, цягам года ў СК фармуецца каля 50 тысяч крымінальных справаў, а гэта – некалькі сотняў тысячаў папяровых тамоў. Увесь гэты масіў дакументацыі трэба будзе перавесці ў лічбавы фармат.

«У межах тэста мы ўзялі следчага, які працуе па-старому, і следчага, якому далі аўтаматызаваную сістэму. Далі ім адзіны сцэнар расследавання. Хуткасць працы следчага за аўтаматызаваным працоўным месцам прыкладна ў 5 разоў перавышае хуткасць працы следчага, які працуе па-старому. То бок будучы следчы эфектыўней дзейнага прыкладна ў пяць разоў, – распавёў палкоўнік юстыцыі. – Лічбавы следчы – гэта нашая будучыня».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Судніковіч распавёў, што цяпер разглядаецца некалькі варыянтаў, як удзельнік крымінальнага працэсу будзе падпісваць, напрыклад, пратакол допыту. Першы варыянт: следчы раздрукоўвае пратакол, дае падпісаць падазраванаму (або сведку), а потым вяртае ў лічбавы фармат праз сканер. Другі варыянт: подпіс робіцца праз графічны планшэт.

Іван Судніковіч таксама адзначыў, што досвед лічбавай трансфармацыі СК будзе ў далейшым распаўсюджвацца на ўсю праваахоўную сістэму і суды.

Hавiны
«Інтэрнэт несумяшчальны з нашым часам». У Менску праходзіць IGF-2019
2019.11.19 11:54

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў