Палітыкі і актывісты абмеркавалі, як будуць супрацьстаяць інтэграцыі з Расеяй


У менскім офісе БСДП (Г) раніцай 11 снежня сабраліся больш за трыццаць прадстаўнікоў палітычных партыяў і рухаў, каб абмеркаваць акцыю супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй і «кампанію за незалежнасць» Беларусі.

На пачатку сустаршыня БХД Павел Севярынец вынес на галасаванне пытанне аб прысутнасці прэсы. Большасць выказалася за тое, каб журналісты не вялі жывыя трансляцыі з паседжання. Паводле Севярынца, гэта можа нашкодзіць арганізатарам несанкцыянаваных акцый. Палітык прапанаваў абмеркаваць два моманты: непасрэдна падрыхтоўку вулічнай акцыі, запланаванай на 20 снежня, і шырокую кампанію ў абарону незалежнасці. У кожнага выступоўцы было па 3 хвіліны, каб агучыць свае ідэі.

Абноўлена
«Гэтага саюзу не павінна быць». Два дні запар пратэсты супраць інтэграцыі. ВІДЭА
2019.12.07 17:17

Першым слова ўзяў экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Юрый Беленькі. У звароце, пад якім таксама падпісаліся Зянон Пазняк, Сяргей Антончык, Сяргей Папкоў і Мікола Крыжаноўскі, «дэпутаты незалежнасці» падтрымалі ідэю правядзення «усебеларускай акцыі пратэсту супраць змовы афіцыйных кіруючых колаў Расеі і Беларусі аб інтэграцыі». Прычым прапанавалі выйсці на Кастрычніцкую плошчу не толькі 20, але і 21 снежня а 14-ай гадзіне працягнуць там жа.

«Калі казаць пра кампанію, у нас ёсць дзве мэты: мабілізаваць патрыётаў з ужо сфармаванай нацыянальнай ідэнтычнасцю і пашыраць кола гэтых людзей. Можна абвесціць падкампанію «Беларусь лепш» – тлумачыць у кароткіх фактах мінусы жыцця ў Расеі», – адзначыў намеснік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч. Удзельнікі сходу ініцыятыву падтрымалі.

Аб’ектыў
Страху больш няма. Праз два тыдні будзе чарговы пратэст супраць Саюзнай дзяржавы
2019.12.08 22:11

Падняць хвалю сярод расейскай апазіцыі

Андрэй Ягораў, адзін з каардынатараў грамадскай кампаніі «Свежы вецер», заявіў, што не падзяляе закліку на масавыя акцыі, бо «пратэставыя настроі ў людзей невялікія». Ягораў папрасіў апазіцыянераў больш актыўна інфармаваць структуры Еўразвязу аб пагрозе інтэграцыі для Беларусі.

Паводле апазіцыйнага палітыка Анатоля Лябедзькі, варта падцягваць да пратэсту супраць інтэграцыі расейскіх апазіцыянераў, «падняць хвалю сярод расейцаў, якія лічаць Беларусь незалежнай».

Hавiны
У Беларусі выпусцілі вопратку на падтрыманне незалежнасці
2019.12.06 18:58

«Таксама трэба спрабаваць патрапіць на сустрэчу да Сяргея Румаса або Дзмітрыя Крутога [прэм’ер-міністр і міністр эканомікі. – Belsat.eu]. Мы ўжо зрабілі спробу прыйсці да Крутога, але той даведаўся тэму і збег», – дадаў Лябедзька.

«Лозунгі не павінны абражаць расейцаў»

Найбольш гарачую дыскусію выклікала прапанова часткі прысутных «фільтраваць» плакаты, не дапускаючы на акцыю людзей з выразна антырасейскімі плакатамі.

«Прыбірайце ўсе гэтыя «маскаляку на гіляку», прыбірайце гэтых людзей! Там былі заклікі вешаць рускіх!», – выкрыкнуў блогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар каналу «Краіна для жыцця».

Лідэр руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык яму запярэчыў: «Такіх лозунгаў не было, гэта прапаганда!».

Hавiны
Вялікі фотарэпартаж з двух дзён пратэстаў. Шукайце сябе на здымках
2019.12.08 16:43

«Лозунгі не павінны абражаць расейцаў, гэтым скарыстаюцца ўлады», – заўважыла сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

«Калі беларусы выходзяць і гэта абражае расейцаў, то гэта праблема расейцаў», – пажартаваў Янукевіч. У выніку праз прыкладна паўгадзіны спрэчкі Севярынец, выступаючы ў ролі мадэратара, пагадзіўся, што «заклікі не павінны падпадаць пад крымінальныя артыкулы».

«А яшчэ лепш не крычаць «Дыктатуры баста», – сказаў Данііл Лаўрэцкі з Моладзевага блоку. На думку актывіста, арганізатарам акцый трэба зрабіць лозунгі больш разнастайнымі замест традыцыйнага «Жыве Беларусь».

Hавiны
«Мухі асобна», досвед СССР і 90-ая губернія. Топ-6 пытанняў і адказаў пра Саюзную дзяржаву
2019.12.07 06:00

Далучаць да кампаніі супраць інтэграцыі БРСМ і «Белую Русь»

Блогер Дзмітрый «Шэры кот» з Воршы прапанаваў правесці акцыі і ў рэгіёнах Беларусі, а таксама раздаваць бел-чырвона-белыя стужкі і інфармацыйныя буклеты, прысвечаныя праблеме інтэграцыі. Дарэчы, пакуль найбольшую актыўнасць праяўляе Горадня, дзе акцыя абвешчаная на 15 снежня.

Кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч распавёў, што мае намер далучаць да кампаніі ў абарону незалежнасці праўладныя арганізацыі – БРСМ і «Белую Русь». Большасць гэтую ідэю падтрымала.

«Нас цяпер абʼядноўвае Пуцін»

Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім падзякавала Севярынцу за тое, што «прапанаваў актыўны варыянт абароны незалежнасці». Да таго ж, яна абвясціла, што да канца году збярэцца Кангрэс у абарону незалежнасці. Канкрэтная дата пакуль невядомая.

«Калі ў нас будзе кансалідаваная каманда, якая будзе мець перад сабой выразныя мэты, нам ніхто не зможа супрацьстаяць і народ будзе за намі», – кажа Анісім.

«Ці ёсць сярод міліцыянтаў і КДБшнікаў тыя, хто за незалежнасць?», – задаў рытарычнае пытанне дэпутат Вярхоўнага савету 12 склікання Сяргей Антончык. Ён настойліва звяртаў увагу іншых удзельнікаў на неабходнасць аб’яднацца: «На акцыі выходзіць мала людзей, бо яны энергетычна адчуваюць, што сярод арганізатараў няма адзінства. Давайце ніхто ні з кім не будзе змагацца і абражаць адзін аднаго. Бо нас у парадаксальным сэнсе цяпер абʼядноўвае Пуцін, як раней ён сваймі дзеяннямі сплаціў украінскую нацыю», – дадаў ён.

«А якая тут роля Лукашэнкі? Ён гарант незалежнасці або пагроза?», – запытаў кіраўнік АГП Мікалай Казлоў.

«Давайце вынесем Лукашэнку за дужкі. Мы не мусім згадваць наагул гэтага асобнага грамадзяніна, у нас іншая мэта і задача», – парыравала Анісім.

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў адзначыў, што замест слова «інтэграцыя» звычайным людзям варта казаць пра «аб’яднанне з Расеяй». «Адзінае, што можа выправіць сітуацыю – масавая пратэставая акцыя і наша задача – стварыць яе», – коратка абазначыў сваю пазіцыю Някляеў.

Пратэставы аркестр і арганізацыя перакусу

Што датычыць прапановаў па акцыі 20 снежня, то Севярынец агучыў некаторыя з тых, што дасылалі яму ў сацсетках. Напрыклад, зладзіць «пратэставы аркестр» – каб людзі на плошчы гралі на бутэльках і розных падручных матэрыялах, абазначыць у цемры людзей флікерамі і ўключыць ліхтарыкі, раздаваць бел-чырвона-белую сімволіку, «некалькі чалавек папрасілі арганізаваць перакус». Прагучала думка паўтарыць «жывы ланцуг». Збор, як паведамлялася раней, прызначаны на 18:00. Сцэнар захадаў 21 снежня яшчэ будзе вырашацца.

За дзве гадзіны дыскусіі палітыкі дамовіліся, што працягнуць абмяркоўваць падрыхтоўку да акцыі ў суботу ў закрытым фармаце, без журналістаў, а ў панядзелак па выніках зладзяць прэс-канферэнцыю. У наступную сераду пройдзе нарада ў шырокім складзе.

КА Belsat.eu

Стужка навінаў