Палітык Уладзімір Шанцаў спрабуе санкцыянаваць пікет на сваім гаўбцы


14 снежня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў занёс у Магілёўскі гарвыканкам уведамленне аб правядзенні масавага мерапрыемства на ўласным гаўбцы.

Уладзімір Шанцаў.
Фота: belsat.eu

«Раз вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на гаўбцы і ў вокнах прызнана пікетаваннем, то трэба гэтае пікетаванне санкцыянаваць. Я ўведамляю Магілёўскі гарвыканкам пра правядзенне такога пікета ў сябе дома, а яны ў 10-дзённы тэрмін павінны даць мне дазвол або адмовіць у правядзенні. Паглядзім, ці забароняць яны мне пікетаваць у сябе дома», – сказаў Уладзімір Шанцаў.

Нагадаем, што раней чыноўнікі казалі, што сцягі на фасадзе будынку – гэта пікетаванне, а вось у кватэры на вакне – не. Але зараз за сцяг на гаўбцы ўжо штрафуюць як за пікет.

– Размяшчэнне на вокнах кватэр, шкленні гаўбцоў сцягоў бел-чырвона-белай расфарбоўкі, для публічнай дэманстрацыі грамадзянам, у адпаведнасці з заканадаўствам і ў прыватнасці артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах», трактуецца як правядзенне масавага мерапрыемства – пікетавання, за што у выпадку адсутнасці адпаведнага дазволу Менгарвыканкаму, у адпаведнасці з ч. 1 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. Санкцыя гэтай частцы артыкула прадугледжвае штраф у памеры да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт, – папярэджваў намеснік начальніка Першамайскага РУУС Менску Сяргей Арцёменка.

Незалежныя юрысты з такой трактоўкай заканадаўства ня згодныя.

belsat.eu

Стужка навінаў