Палітвязням працягваюць тэрміны ўтрымання: Аляксандру Арановічу прад’явілі новае абвінавачванне

Палітычнаму зняволенаму Аляксандру Арановічу прад’явілі новае абвінавачванне па п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміла маці палітвязня.

Днямі сканчваўся тэрмін утрымання пад вартай Арановіча па першым абвінавачванні па арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Але цяпер палітвязень застаецца пад вартай мінімум да лютага. За кратамі палітвязень Аляксандр Арановіч знаходзіцца ўжо сёмы месяц.

Аналагічныя абвінавачванні днямі прад’явілі палітвязням Ігару Лосіку і Мікалаю Статкевічу. Пасля гэтага Лосік абвясціў аб пачатку галадоўкі.

Акцыя салідарнасці з беларусамі ў Варшаве, Польшча. 10 жніўня 2020 г. фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

На пачатку снежня бацькоў Аляксандра выклікалі на допыт у Следчы камітэт у Менску па новаму абвінавачванню сына – падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках. Як распавяла маці палітвязня Галіна Іванаўна, следчы запытваў у яе, чаму Сяргей Ціханоўскі і Аляксандр былі апранутыя ў падобнае адзенне на выбарчым пікеце ў Горадне: у цёмную вятроўку і джынсы. На допыце ёй нават паказвалі фотаздымак, дзе Аляксандр Арановіч і Сяргей Ціханоўскі стаяць побач на пікеце ў Гродне 29 траўня. Следчы тлумачыў па фотаздымку маці, што яны аднолькава апранутыя. Таксама ў яе запытвалі, ці плаціў Ціханоўскі грошы яе сыну, ці ўдзельнічаў Аляксандр у стварэнні ютуб-канала «Краіна для жыцця», ці атрымліваў ён ад гэтага грошы. Па словах Галіны Іванаўны, пытанні следчага ў яе выклікалі толькі здзіўленне.

Маці палітвязня распавяла, што яе сын не прызнае віну і з самага пачатку адмаўляецца ад дачы паказанняў, карыстаючыся правам не сведчыць супраць сябе па артыкулу 27 Канстытуцыі. Маці даведваецца навіны пра сына толькі па яго лістам, бо адвакатка знаходзіцца на падпісцы аб неразгалошванні. Сам Аляксандр піша, што гэтыя крымінальныя справы – вынік бурнай фантазіі следчых, – паведамляе ПЦ «Вясна».

Абвінавачаных па «справе Ціханоўскага» прызналі палітзняволенымі

Мужчыну затрымалі 29 траўня ў Горадне падчас правядзення пікету па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Тады супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян. Пасля семярым удзельнікам, у тым ліку Аляксандру Арановічу, было прад’яўленае абвінавачванне па 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу РБ.

АД / belsat.eu

 

 

Hавiны