Палітвязень Уладзімір Навумік: «Калі ўлады хацелі нешта спыніць – толькі зрабілі сабе горш»


36-гадовы інжынер з Горадні Уладзімір Навумік правёў за кратамі больш за сорак дзён. Яго арыштавалі на вядомым пікеце ў Горадні 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім і яшчэ 8 людзьмі. Мужчыну абвінавацілі ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). 9 ліпеня яго і яшчэ аднаго палітвязня Васіля Баброўскага адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Калі Уладзімір Навумік знаходзіўся ў СІЗА, на яго дадаткова склалі адміністратыўныя пратаколы па двух артыкулах – «дробнае хуліганства» (17.1 КаАП) і «непадпарадкаванне міліцыі (23.4 КаАП) і прысудзілі да 10 содняў арышту. Пасля вызвалення пад падпіску аб нявыездзе ён схадзіў у суд, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы.

«Мне ніхто не сказаў, ці залічаць мне гэтыя «содні» у тыя 40 дзён, што я правёў за кратамі. Цяпер я ішоў у суд і думаў, што яшчэ могуць забраць адбываць іх. Але ўсё абышлося. У матэрыялах адміністратыўнай справы напісана ўсё тое ж самае, што ў абвінавачванні па крымінальнай. Мы з адвакатам накіравалі скаргу ў абласны суд, бо нельга па адных і тых падзеях двойчы прыцягваць да адказнасці», – распавядае Навумік.

Абноўлена
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА
2020.05.29 21:10

Гарадзенец кажа, што падчас паседжання па адміністратыўнай справе ён патрабаваў, каб паказалі відэа з месца ягонага затрымання непадалёк ад Савецкай плошчы, але суддзя хадайніцтва не задаволіў.

«Як усё можна высмактаць з пальцу па словах двух АМАПаўцаў, з якіх адзін сведчыў, што я быў у масцы, іншы казаў, што без. Яны сцвярджалі, што я нешта крычаў, лаяўся матам, перашкаджаў руху транспарту – як яны гэта ўсё на адлегласці паспелі пачуць і ўбачыць?», – абураецца Уладзімір.

Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік па выхадзе з СІЗА.
Фота: ПЦ «Вясна»
Фота
Як у Горадні сустрэлі палітвязняў, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага»
2020.07.10 14:07

Паклалі тварам у падлогу, прыціснулі галаву каленам

Навумік кажа, што раней цікавіўся палітычным жыццём «на ўзроўні абывацеля», ніколі не ўдзельнічаў ні ў якіх апазіцыйных рухах. А сёлета зацікавіўся блогерам Ціханоўскім і пікетам па зборы подпісаў, якія той ладзіў у Горадні 29 траўня.

«Я ведаў, што прыязджае Ціханоўскі. Калі ў яго стрым спыняецца, ён звычайна можа пагаварыць з людзьмі. Я проста чакаў, калі ён скончыць трансляцыю, каб падысці да яго, абмеркаваць кандыдата. Хацеў скласці сваё меркаванне. Магчыма, пакінуць подпіс. Ну і трапіў пад хапун», – узгадвае палітвязень.

Паводле Навуміка, калі пачалася штурханіна вакол Ціханоўскага і сілавікі пачалі хапаць людзей, ён перайшоў на іншы бок вуліцы і пачаў здымаць на тэлефон.

«Я здымаў гэтыя міліцэйскія бусы і людзей у цывільным. У гэты момант мяне схапілі і закінулі ў бус тварам у падлогу. Я пытаюся, за што, а яны кажуць: «За тое, што здымаў». Адзін прыціснуў мне галаву каленам – так мы ехалі палову шляху да пастарунку. Потым я папрасіў адпусціць і мне ўжо дазволілі проста сесці на падлогу. У РУУС яны да ночы разбіраліся. Затрымалі, а потым не ведалі, што са мной рабіць», – распавядае мужчына.

Спачатку Навуміка, як і іншых затрыманых па «справе Ціханоўскага» тры дні трымалі ў менскім ізалятары на Акрэсціна, а пасля выстаўлення абвінавачвання перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Уладзімір Навумік па вяртанні ў Горадню размаўляе з журналістамі.
Фота: «Белсат»

У маленькай камеры – 22 чалавекі

Пра ўмовы на Валадарцы Уладзімір кажа:

«Камера – прыкладна шэсць на сем метраў, трохпавярховыя ложкі. Калі мяне прывезлі, там было 22 чалавекі. Вільготнасць высокая, вентыляцыя адсутнічае, палова курыць. А яшчэ спёка стаяла ў тыя дні… Калі выходзіш на паветра – галава кружыцца ад кіслароду. У гэтым сэнсе ўмовы кепскія. Перанасяленне вялікае, такога па нормах быць не павінна».

Што да стаўлення сукамернікаў – яно было нармальным, сцвярджае Навумік. Да «палітычных» ставіліся, як і да ўсіх астатніх. З адміністрацыяй канфліктаў таксама не ўзнікала, як і праблемаў з доступам адваката.

«Мяне не вылучалі сярод іншых, ніякіх прыдзірак не было. На допыты выклікалі разы тры-чатыры за ўвесь час. Следчыя гаварылі ветліва, усе мае словы запісвалі правільна, нічога не прыдумлялі. Ні відэа, ні аудыёзапіс допытаў не вялі. Супрацу са следствам не прапаноўвалі.

Па сутнасці, яны не задавалі ніякіх асаблівых пытанняў. «Ну, раскажы, як было». Ну, я і расказваў. Практычна адно і тое ж увесь час паўтараў. Мне хаваць няма чаго, я невінаваты».

Паводле Навуміка, аднойчы з карцару ў камеру да яго прывялі журналіста Уладзіміра Чудзянцова (затрыманы ў лістападзе 2019 і абвінавачаны ў сексуальным гвалце супраць непаўналетняга).

«Ён у вельмі апатычным стане. Скардзіўся, што яму цяжка фізічна і маральна, ніхто не хоча з ім размаўляць і мець справу. Казаў, можа не выйсці адтуль жывым. Яшчэ казаў, што абвінавачванне – трызненне і падстава. Яго пастаянна возяць на экспертызы ў Навінкі», – распавядае наш суразмоўца.

«Кім трэба быць, каб чапаць дзіця?»

Уладзімір Навумік працуе інжынерам на Гарадзенскім заводзе гандлёвага машынабудаўніцтва. Ён кажа, што кіраўніцтва і калегі падтрымалі яго, прапаноўвалі сваю дапамогу.

«Людзі перадавалі жонцы грошы. Калі я вярнуўся на працу, дырэктар у мяне запытаў, чым дапамагчы. Адна жанчына сказала «Малайчына, мужык!», начальнік цэху руку паціснуў. Яны ж бачылі ўсё, што адбывалася».

Фота: Баляслаў Журакоўскі / Belsat.eu

Больш за ўсё мужчына абураны ціскам на ягоную сям’ю. Калі Навумік быў у СІЗА, да жонкі прыходзіла камісія з дзіцячага садку, куды ходзіць іхная дачка Лізавета.

«Яны сказалі, што падчас вобшуку знайшлі бутэлькі з-пад алкаголю і бычкі цыгарэтаў. Паглядзелі кватэру, усё было нармальна. А на калідоры загадчыца садку кажа жонцы: «Ты што, хочаш, каб у цябе дзіця забралі? Чаго твой муж наагул папёрся на плошчу, грошай захацеў?» Абсалютна нахабным тонам выказвалася.

Кім трэба быць, каб чапаць дзіця? Мне жонка ў лістах не хацела распавядаць пра гэта, бо я б раззлаваўся яшчэ больш, пачаў бы ў турме сварыцца», – гаворыць ён.

Аб’ектыў
Дзяцей пагражаюць забраць, рахункі арыштоўваюць
2020.06.17 23:14

Цяпер у садку сям’і кажуць, што ўсё нібыта нармальна і пастанова на «сацыяльна небяспечнае становішча» ім не пагражае.

«Вяртайся да нармальнага жыцця»

Уладзімір не ведае, чаго чакаць ад следства па ягонай справе.

«Гэта можа зацягнуцца надоўга. Я не буду здзіўлены, калі яны гэтак жа раптоўна, як мяне выпусцілі, закрыюць справу. Але таксама не здзіўлюся, калі асудзяць», – каментуе ён.

9 ліпеня да Навуміка прыйшоў следчы, даў падпісаць дакументы аб тым, што яго вызваляюць пад падпіску аб нявыездзе.

«Яшчэ са мной пагутарыў нейкі чалавек – я так і не зразумеў, кім ён быў – маўляў, прабач, мы тут разбіраліся, вяртайся да нармальнага жыцця, бачым, ты не маеш асаблівага значэння ў справе. Казаў, каб больш не лез нікуды.

Калі выпускалі, я пайшоў у касу за грашыма на дарогу да Горадні, а свае рэчы – паштоўкі, лісты ад людзей з усёй Беларусі, паперы па справе – пакінуў у «адстойніку». Вяртаюся назад забіраць пакет, а там няма нічога. Супрацоўнік толькі ўсміхаецца і кажа, што не ведае, куды яны падзеліся. Як рэчы маглі проста знікнуць у закрытай установе? А калі іх вынялі, то дзе пратакол?» – распавядае Уладзімір.

Пікет у Горадні 29 траўня.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Я не цікавіўся палітыкай, але мяне прымусілі»

Мы запыталі ў палітвязня, навошта, на ягоную думку, уладам цяпер спатрэбілася гэтая крымінальная справа з масавымі арыштамі, прычым збольшага апалітычных людзей.

«Як звычайна. Кожныя выбары адно і тое ж робяць, калі хтосьці з кандыдатаў набірае папулярнасць і людзі пачынаюць масава выказвацца аб праблемах. Людзі [у стрымах Ціханоўскага] проста казалі праўду – тое, што не пачуеш па тэлебачанні. А дзяржаве гэта не падабаецца і яна абараняе сябе такім вось нахабным чынам. Так было заўжды.

Я не цікавіўся палітыкай, але мяне прымусілі. Яны самі прыводзяць людзей на гэты шлях. Калі ўлады хацелі нешта спыніць, то толькі сабе горш зрабілі. Шчыра, я не разумею, навошта. Калі б не было разгону – людзі пастаялі б і разышліся», – адказвае Навумік.

Прызнаецца, што на выбары 9 жніўня не пойдзе.

«Мяркуючы па ўсім, нічога там не вырашаецца. Фікцыя. Я галасаваў толькі аднойчы і тое не памятаю, ці апускаў бюлетэнь у скрыню. У 2006 годзе, калі я служыў у войску, нас сагналі ў клуб, мы пахлопалі вушамі, дружна распісаліся ў журнале і ўсё».

Паводле палітвязня, самае галоўнае для яго цяпер – быць побач з сям’ёй.

«Мая сям’я са мной – гэта самае важнае. Калі сядзіш у турме, шмат чаго пераасэнсоўваеш».

Hавiны
Ад былога амапаўца да праграміста. Што вядома пра фігурантаў «справы Ціханоўскага»
2020.06.11 17:04

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў