Расейскага палітвязня Ільдара Дадзіна вызвалілі


Гэткае рашэнне прыняў Вярхоўны суд Расеі. Раней з хадайніцтвам вызваліць актывіста выступала Генпракуратура. Справа закрытая за адсутнасцю складу і падзеі злачынства. Вярхоўны суд прызнаў права актывіста на рэабілітацыю (гэта значыць, што ён зможа запатрабаваць кампенсацыю).

Цяпер адпаведныя паперы павінны дайсці ў калонію. Імаверна, на волю актывіст выйдзе ў бліжэйшыя дні.

Самога Дадзіна на судзе не было, ён быў у фармаце відэасувязі. На знак пратэсту, што яму адмовілі ў асабістай прысутнасці, ён назваў паседжанне цыркам і адмовіўся ў ім удзельнічаць.

На пачатку лютага Канстытуцыйны суд Расеі запатрабаваў перагледзець прысуд Ільдару Дадзіну, бо крымінальную справу супраць актывіста распачалі на падставе рашэнняў суда па адміністрацыйных парушэннях, якія яшчэ не набылі сілу.

Паводле КС, за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах можна прыгаворваць, калі мерапрыемства згубіла мірны характар альбо прывяло да прычынення істотнай шкоды. Пры гэтым факт адміністратыўнага пакарання не можа служыць неабвержным доказам віны. Сам артыкул 212.1 КК РФ суд прызнаў канстытуцыйным.

Справа Ільдара Дадзіна

Ільдар Дадзін – першы асуджаны паводле артыкулу 212 КК – аб крымінальнай адказнасці за паўторныя парушэнні заканадаўства пры правядзенні публічных мерапрыемстваў. У 2014 годзе Дадзін пратэставаў супраць расейскай збройнай агрэсіі ва Украіне. На рахунку Дадзіна таксама шэраг адзіночных акцыяў у розных месцах Масквы. Як вынік – штрафы ды адміністратыўныя арышты.

Дадзіна затрымалі ў студзені 2015 года падчас акцыі на падтрыманне Аляксея і Алега Навальных і прыгаварылі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Пазней гэты тэрмін скарацілі на паўгода. На волю ён мусіў выйсці ў ліпені 2017-га.

Чытайце таксама:

Ільдара Дадзіна называюць першым сапраўдным палітычным зняволеным у Расеі.

«Гэта першы чалавек якога пасадзілі за ўдзел у пратэстах. Дагэтуль усіх палітзняволеных саджалі па крымінальным справам: за махлярства ці збіццё паліцыянтаў», – зазначала ў каментары «Белсату» расейская грамадская актывістка Марыя Макарава.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў