Палітвязень Алег Мазгоў выйшаў на волю


Алег Мазгоў / Relax.by

«Вясна» паведамле, што пасля трох месяцаў зняволення ўвечары першага снежня з-пад варты вызвалілі палітвязня Алега Мазгова, фігуранта справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»).

Мазгоў застаецца абвінавачаным па крымінальнай справе. Яму абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.

25-гадовы спартсмен Алег Мазгоў да затрымання працаваў у Менску фітнес-трэнерам, займаўся боксам. Да арышту Алег уладкаваўся на другую працу грузчыкам, каб зрабіць дома рамонт і падрыхтавацца да нараджэння дзіцяці. Быў затрыманы першага верасня за ўдзел у мітынгу дзявятага жніўня. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага.

17 верасня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алега Мазгова палітвязням. Праваабаронцы лічаць яго абвінавачванне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі») палітычна матываваным пераследам у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзесяць праваабарончых арганізацый Беларусі запатрабавалі ад уладаў неадкладнага вызвалення з-пад варты палітвязня Алега Мазгова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго.

Стужка навінаў