Паліцыянт ударыў на мітынгу дзяўчыну ў жывот – і яго, падаецца, знайшлі


Падазраваны ў збіцці дзяўчыны на пратэсце ў Маскве 10 жніўня 2019 года. Фота – «Baza»

Выданне «Baza» апублікавала імя падазраванага ў збіцці дэманстранткі паліцыянта. Журналісты прызнаюцца, што ягонае імя паведамілі калегі амапаўца.

11 жніўня кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Агора» Павел Чыкаў аб’явіў узнагароду ў 100 тысячаў расейскіх рублёў за інфармацыю аб паліцыянце, які падчас суботняга мітынгу на праспекце Сахарава ў Маскве ўдарыў актывістку Дар’ю Сасноўскую кулаком у жывот.

12 жніўня выданне «Baza» папрасіла праверыць на дачыненне да збіцця дзяўчыны паліцыянта Сяргея Цыплакова, які служыць у пятым батальёне другога аператыўнага палка паліцыі Галоўнага ўпраўлення МУС па Маскве.

Гэтую інфармацыю журналісты атрымалі ад яго калег.

Сам Цыплакоў на пытанні выдання не адказаў, а заблакаваў у адказ журналіста і выдаліў усе фотаздымкі са свайго акаўнту.

Журналісты просяць паліцыю прыцягнуць вінаватага да адказнасці, калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца.

Паводле выдання, сталічная паліцыя раніцай 12 жніўня правяла ўжо дзве праверкі, звязаныя з відэа збіцця Сасноўскай.

Калі Павел Чыкаў запрапанаваў грашовую ўзнагароду рэдактару «Baza» Мікіце Магуціну, той папрасіў скіраваць сродкі на іншыя добрыя справы.

Юрыст заявіў, што выплаціць грошы адвакату Дар’і Сасноўскай.

Актывістка ўжо звярнулася ў Следчы камітэт з заявай аб злачынстве.

  • Мітынг на праспекце Сахарава 10 жніўня з нагоды нядопуску на выбары ў Масгардуму незалежных кандыдатаў стаў самым масавым з 2012 года. Акцыю ўлады ўзгаднілі, але пасля яе заканчэння АМАП затрымаў у Маскве некалькі соцень чалавек.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары