Паліцыя: У аэрапорце Бруселю працуюць не менш за 50 прыхільнікаў «ІД»


Насільшчыкі багажу, прыбіральшчыкі ды працаўнікі грамадскага харчавання, якія падтрымліваюць ідэі «Ісламскай дзяржавы», «укараніліся» у аэрапорт Бруселю.

Пра гэта пішуць супрацоўнікі брусельскай паліцыі ў сваім адкрытым лісце. Праваахоўнікі раней папярэджвалі: тыя, хто сімпатызуе тэрарыстам, могуць забяспечыць доступ да самалётаў. Тым не менш гэтыя людзі працягваюць працаваць.

Паліцыя аэрапорту пагражае забастоўкай праз недастатковасць мераў бяспекі.

«Некаторыя асобы, меркаваныя ўдзельнікі баявых дзеянняў у Сірыі, прыходзілі ў аэрапорт як «фэйкавыя турысты». Мы паведамілі пра іх прысутнасць, але нам не вядома, як скарысталіся гэтай інфармацыяй», – пішуць супрацоўнікі паліцыі ў лісце.

Яны дадаюць, што прынамсі 50 прыхільнікаў «Ісламскай дзяржавы» працягваюць працаваць у аэрапорце сталіцы Бельгіі, маючы пры гэтым доступ да кабінаў самалётаў. Аўтары ліста сцвярджаюць, што раней у некаторых падазроных людзей забралі пропускі аэрапорту, але не ва ўсіх. Паведамляецца, што меркаваныя прыхільнікі «ІД» працуюць пераважна ў крамах аэрапорту, у службе ўборкі, а таксама ў багажным аддзяленні.

У выніку выбухаў, што прагрымелі ў Бруселі 22 сакавіка ў аэрапорце Завентэм, а таксама на станцыі метро «Мальбек», загінулі 32 чалавекі.

НМ, belsat.eu, паводле DailyMail

Стужка навінаў