Паліцыя Непалу пра беларусаў, якіх затрымалі з шасцю кілаграмамі какаіну: іх пасадзяць, пытанне – на колькі


Прадстаўнік Бюро кантролю за наркотыкамі Непалу распавёў belsat.eu, што адбываецца з параю гарадзенцаў, якіх затрымалі 21 снежня ў Міжнародным аэрапорце Катхманду з шасцю кілаграмамі какаіну, схаванага ў зімовых куртках.

Паводле прэс-службы ведамства, следства ў справе перавозу наркотыкаў працягнецца тры месяцы, пасля чаго будзе канчатковы суд.

«Беларусы правозілі вялікую колькасць наркотыкаў, гэта сур’ёзнае злачынства. Ніхто іх проста так не адпусціць і не дэпартуе. Яны будуць сядзець у непальскай турме, але суд вырашыць, які тэрмін яны атрымаюць», распавялі «Белсату» у Бюро кантролю за наркотыкамі Непалу.

30 снежня да Аліны і Паўла меліся пусціць консула ды бацьку дзяўчыны, аднак спаткання дасюль не было. Паводле паліцыі, яно адбудзецца днямі.

Аліна. Фота з сацсетак
Павел. Фота з сацсетак

Адзін з прадстаўнікоў консульства Беларусі ў Непале сказаў, што не можа падзяліцца канкрэтнай інфармацыяй. Усё залежыць ад таго, як дамовяцца беларускі і непальскі бок.

Belsat.eu таксама звязаўся з Паўлам праз сацыяльныя сеткі. Паводле хлопца, цяпер кантакт абмежаваны праз мясцовыя святы.

Паводле агульнага знаёмага пары, маладзёны гаварылі, што едуць адпачываць:

«Усе ў шоку, што гэтак адбылося. Думаю, яны не ведалі, што будуць перавозіць».

Фота: setopati.com

З 21 снежня гарадзенцы пад арыштам. Раней затрыманая дзяўчына распавядала belsat.eu, што яна са сваім хлопцам вырашылі перавезці курткі, бо хацелі хутка зарабіць. Ім запрапанавалі за працу дзве тысячы долараў. Аднак Аліна сцвярджае: яны не ўсведамлялі, што перавозяць какаін, і раней гэтым не займаліся.

Вядома, што Аліна – дачка першага намесніка начальніка АУС і кіраўніка крымінальнай міліцыі адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні Аляксея Алдошына.

Hавiны
Дачка гарадзенскага падпалкоўніка, якую затрымалі з какаінам у Непале: Мы проста хацелі падпрацаваць
2019.12.26 13:23

ДР belsat.eu

Стужка навінаў