Паліцыя не пусціла да Навальнага ягоных лекараў


Пра гэта паведаміла адвакат апазіцыянера Вольга Міхайлава.

Паводле Міхайлавай, паліцыянты не хацелі пускаць да Навальнага і яе самую.

«Мяне, ягонага адваката, у 64-ю больніцу не пускалі. Толькі пасля скандалу змагла да яго прайсці. У палату не пускалі ўжо паліцыянты. Зноў скандал. Пусцілі. Адкрылі дзверы, падслухоўвалі. Зноў скандал. Дзверы зачынілі. Прыйшлі лекары, не з гэтай больніцы, якія назіралі Аляксея шмат гадоў. Ім не далі яго нармальна агледзець, толькі праз шчыліну ў дзверы. Усё гэта выглядае вельмі дзіўна і дакладна незаконна», – піша Міхайлава.

Вольга Міхайлава і Аляксей Навальны ў Харашэўскім судзе Масквы 1 ліпеня 2019 года. Фота з «Фэйсбуку»

24 ліпеня Навальнага арыштавалі на 30 сутак за парушэнне правілаў правядзення мітынгу. Нагодай стаў яго выступ на мітынгу 20 ліпеня, падчас якога ён прапанаваў зладзіць акцыю каля мэрыі Масквы з патрабаваннем дапусціць незалежных кандыдатаў да выбараў у Масгардуму, а таксама яго пост у «Фэйсбуку» з заклікам кандыдатаў на тую ж тэму.

Раніцай 28 ліпеня Навальнага са спецпрыёмніка, дзе ён адбывае арышт, даставілі ў лякарню з дыягназам «вострая алергічная рэакцыя».

Цяпер Навальны знаходзіцца ў палаце тэрапеўтычнага аддзялення пад аховай паліцыі.

Раней у размове з карэспандэнтам «Белсату» палітык распавёў, што яму «ужо лепш, чымся раніцай».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў