Паліцыя аднавіла кантроль над будынкам Кангрэсу. Перапыненае праз штурм пасяджэнне аднавілася


6 студзеня 2021 года тысячы прыхільнікаў Трампа сабраліся каля Капітолію, калі Сенат павінен быў зацвердзіць Джо Байдэна ў якасці прэзідэнта ЗША, а пасля таго, як некаторыя пратэстоўцы штурмавалі Капітолій, паліцыя ўжыла слезацечны газ.
Фота: Essdras M Suarez / Zuma Press / Forum

Праваахоўнікі цалкам аднавілі кантроль над будынкам Кангрэсу, які раней дэманстранты ўзялі штурмам, паведамляе CNN. Перапыненае пасяджэнне ў справе сцвярджэння вынікаў выбараў аднавілася, піша Vot Tak TV.

Сілавікам удалося аднавіць бяспеку ў Кангрэсе да пачатку каменданцкай гадзіны, абвешчанай мэрам Вашынгтону праз закалоты. Паліцэйскі спецназ зачысціў будынак: пратэстоўцаў вывелі праз усходні ўваход у Капітолій. Дэманстрантаў, якія былі звонку, праваахоўнікі адціснулі. У выніку аперацыі затрыманыя 20 асобаў.

У будынак Кангрэсу ўвялі спецназ FBI. Як паведамляе тэлеканал CNN, сілавікі абясшкодзілі бомбу.

Акрамя таго, Facebook выдаліў публікацыю Доналда Трампа, у якой ён заклікаў пратэстоўцаў разысціся па дамах, а Twitter закрыў доступ да акаўнту дзейнага прэзідэнта ЗША на 12 гадзінаў.

Reuters паведамляе, што пры штурме Капітолію загінулі чатыры чалавекі. Адзін з іх – ад стрэлу з агнявой зброі. Fox News паведамляе, што гэта Эшлі Бабіт, якая 14 гадоў служыла ў амерыканскіх ВПС. Яна была актыўнаю прыхільніцаю Трампа.

Паліцыя запэўнівае бяспеку ў залах Сенату. Вашынгтон, ЗША, 6 студзеня 2021 года. фота: MIKE THEILER / Reuters / Forum

У Вашынгтоне затрыманыя 30 парушальнікаў каменданцкай гадзіны, якая дзеіць з 18:00 6 студзеня да 6:00 7 студзеня (02:00–14:00 7 студзеня паводле менскага часу).

Экс-прэзідэнт ЗША Барак Абама напісаў у Twitter:

«Гісторыя справядліва запомніць сённяшні гвалт у Капітоліі, справакаваны дзейным прэзідэнтам, які працягвае беспадстаўна хлусіць пра вынікі законных выбараў, як момант вялікага бясслаўя і ганьбы для нашай нацыі».

Вядома, што віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс не пакідаў Капітолію падчас штурму дэманстрантаў, хоць гэтага патрабавала служба бяспекі. На пасяджэнні Кангрэсу Пэнсу адведзеная важная роля: згодна з Канстытуцыяй, ён павінен агучыць вынікі галасавання Калегіі электараў.

Раней Доналд Трамп настойваў, каб Пэнс не дапусціў прызнання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, на якіх перамог Джоўзэф Байдэн.

Кангрэс ЗША аднавіў працэдуру зацвярджэння выбараў, перапыненую праз закалоты. Члены абедзвюх палатаў паэтапна зацвярджаюць галасы выбарнікаў штат за штатам.

Vot Tak TV / belsat.eu

Стужка навінаў