Паліцыянт, які на мітынгу ў Пецярбурзе збіў жанчыну нагой, папрасіў прабачэння. Ці магчыма такое ў Беларусі?


У Санкт-Пецярбурзе 23 студзеня, падчас затрыманняў на акцыі падтрымання апазіцыянера Аляксея Навальнага, супрацоўнік паліцыі ўдарыў нагой у жывот адну з удзельніц шэсця. Пасля гэтага жанчына трапіла ў шпіталь.

Фота: fontanka.ru

На відэа бачна, як 50-гадовая жанчына падыходзіць да паліцыянтаў, якія вядуць затрыманага хлопца, і пытаецца, навошта яны яго затрымалі. У гэты момант адзін з паліцыянтаў б’е жанчыну ў жывот нагой.

Пры падзенні жанчына стукнулася галавой аб асфальт. Лекары выявілі ў яе сатрасенне галаўнога мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму і гематому патыліцы. Медыкі ацанілі стан жанчыны як сярэдняй цяжкасці.

У той жа вечар пракуратура паабяцала правесці праверку інцыдэнту.

На наступны дзень той самы супрацоўнік паліцыі, які ўдарыў жанчыну ў жывот, прыйшоў да яе ў палату з кветкамі і папрасіў прабачэння. Імаверна, з ім таксама былі прадстаўнікі ведамства, якія запэўнівалі, што ён добры хлопец, проста так атрымалася.

«Прабачце, мяне за пяць хвілін да гэтага залілі газам, у мяне запацела забрала, я не бачыў, што адбываецца», – сказаў паліцыянт.

«Галоўнае, што ўсе жывыя і здаровыя», – адказала жанчына.

Аднак на відэа добра відаць, што ў той момант забрала на шлеме было паднятае, і супрацоўнік паліцыі бачыў усё, што адбывалася вакол, і адмыслова ўдарыў жанчыну.

Скрыншот з відэа fontanka.ru

Падобны выпадак, калі міліцыянт ударам збіў жанчыну з ног, быў і ў Беларусі.

У верасні 2020 года міліцыянт ударыў у твар жыхарку Жодзіна, якая здымала на відэа яго і іншых супрацоўнікаў. Ад удару жанчына звалілася на зямлю і была вымушаная звярнуцца ў шпіталь.

У міліцыі патлумачылі, што супрацоўнік ужыў сілу «для самаабароны і затрымання».

У той жа дзень жанчына разам з адвакатам прыйшла ў Следчы камітэт, каб пакінуць там заяву па факце выкарыстання сілы супрацоўнікам міліцыі, аднак на яе саму склалі пратакол за ўдзел у акцыі.

Пазней стала вядома, што СК адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу супраць міліцыянта, спасылаючыся на тое, што ён «дзейнічаў ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі або крайняй неабходнасці».

Hавiны
МУС: Жодзінскі міліцыянт ударыў жанчыну з мэтай самаабароны
2020.09.14 18:46

Тады так ніхто і не папрасіў прабачэння перад жанчынай. Увогуле, у Беларусі яшчэ не было ніводнага публічнага прабачэння з боку сілавікоў за празмернае выкарыстанне сілы да мірных пратэстоўцаў.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў