Палітолаг Таццяна Кулакевіч: Пратэсты ў ЗША не паўплываюць на беларускую сітуацыю


Не трэба перабольшваць ролю пратэстаў у ЗША. Наступствы сітуацыі ў Злучаных штатах для Беларусі, а таксама якой будзе палітыка прэзідэнта Джо Байдэна ў дачыненні да нашай дзяржавы? Ці будзе новая перазагрузка паміж Белым Домам ды Крамлём ці хутчэй трэба чакаць працяг жорсткай палітыкі Вашынгтону ў стасунку да Расеі? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Таццянай Кулакевіч, доктаркай палітычных навук са Злучаных штатаў, выкладчыцай універсітэту Паўднёвае Флорыды.

Як бы вы патлумачылі беларусам штурм ці пагром Капітолію, у якім загінула некалькі асобаў?

Учора адбыліся гвалтоўныя пратэсты. Падчас руціннай працэдуры падліку галасоў, якая пацвярджае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША пасля падліку галасоў у Кангрэсе, якія адбываліся ўчора, прэзідэнт лічыцца выбраным і справа ідзе да інаўгурацыі, якая павінна адбыцца праз два тыдні. Гэтыя пратэсты не маюць ніякага дачынення да Беларусі і ніяк не паўплываюць на беларускую сітуацыю. Амерыканская дзяржава мае вялікі дэмакратычны досвед. Пратэсты толькі затрымалі пералік галасоў і не паўплываюць на вынік выбараў у ЗША. Кангрэсмены вярнуліся да сваёй працы ўвечары, падлічылі галасы, вынікі будуць пацверджаныя. Інаўгурацыя адбудзецца, як запланавана, 20 студзеня, і Джо Байдэн прыме сваё прэзідэнцтва. Некаторыя кангрэсмены, якія планавалі выказваць сваю незадаволенасць працэсам выбараў, сказалі, што сваёй незадаволенасці не будуць выказваць. Працэдура скончылася, і ўсё будзе працягвацца, як і планавалася. Усе прадстаўнікі ўраду асудзілі гвалтоўнасць пратэстаў. Тут трэба размаўляць, якую палітыку будзе праводзіць Байдэн у дачыненні Усходняй Еўропы.

Аб’ектыў
ЗША: дэмакратыя перажыла крызіс
2021.01.07 23:10

Дазвольце не пагадзіцца. Вы кажаце, што не будзе мець ніякага ўплыву, а ўжо цэлы шэраг каментатараў, экспертаў у Беларусі, Украіне вельмі занепакоіліся гэтым пагромам і лічаць песімістычна, у піку вашаму артымізму, што гэта моцна паўплывае. І так Беларусь стаіць, як выказаўся вядомы брытанскі публіцыст Эдўард Лукас у інтэрв’ю для нашай праграмы, на 220-м месцы ў прыярытэтах замежнай палітыкі Вашынгтону, а можа быць і далей. Цяпер выглядае, што яшчэ далей яна адсунецца, бо прыйдзецца засыпаць гэты роў, падзел, які паўстаў у ЗША. Ці згодныя вы з гэтым?

Мы бачылі, як два тыдні таму беларускае пытанне было паднятае. І яшчэ тыдзень таму, калі пацвердзілі кандыдатуру амбасадаркі ЗША ў Беларусі. Санкцыі па Акце аб дэмакратыі былі прынятыя, яны былі пашыраныя. Наступныя крокі, якія Амерыка можа прыняць, залежаць больш ад працы беларусаў, якія будуць рабіць запыт на нейкую справу, якую будзе рабіць амерыканская дзяржава. А яна заўсёды мела ў прыярытэце свае інтарэсы, у першую чаргу каронавірус, эканамічныя пытанні. Тое, што адбывалася ўчора, руцінная працэдура, яна б адбывалася ў кожным выпадку. Пратэсты таксама скончацца, яны не перарывалі працэдуры прыняцця прэзідэнтам сваіх паўнамоцтваў. Мы не можам казаць, што 1–2 дні нешта зменяць у дачыненні Беларусі.

З набліжэннем інаўгурацыі Джо Байдэна ўсё часцей гаворка вядзецца пра магчымую перазагрузку дачыненняў паміж афіцыйным Вашынгтонам ды Масквою. Што Беларусь і Украіна могуць стаць у пэўным сэнсе элементам гэтай перазагрузкі. Напрыклад, Пуцін заявіць, што мы ціснем на Лукашэнку, каб ён правёў канстытуцыйныя змены. Ці згодныя вы з такім варыянтам рашэння, нейкія такія павольныя эвалюцыйныя змены. І Вашынгтон, маючы цалкам іншыя праблемы, напрыклад, эканамічную дамінацыю Кітаю, праблему з іранскай ядравай праграмай, сітуацыю ў Сірыі ды Лівіі, шэраг іншых праблемаў, мабыць, той жа Карабах, можа заявіць, што так, нас задавальняе такое вырашэнне праблемаў, а нашыя партнёры ў Еўропе, напрыклад, Польшча і Літва, зоймуцца таксама падтрыманнем беларускага грамадства. Ці магчымая такая дамова, улічваючы апошнія падзеі?

Замежная палітыка ў дачыненні Расеі, якую будзе праводзіць Байдэн, у нейкім сэнсе будзе працягам палітыкі Трампа. Бо палітыка Трампа ў дачыненні Расеі была даволі жорсткай. У некаторых аспектах таксама была пераймальная ад палітыкі Абамы. Напрыклад, санкцыі, якія ўвялі падчас Трампа, былі жорсткімі. Былі новыя санкцыі пасля атручвання Скрыпалёў, у дачыненні «Паўночнай плыні – 2». Цяпер прыкладна 700 чалавек знаходзяцца пад санкцыямі ў Расеі, шмат бізнесоўцаў. Можам чакаць новых санкцыяў, якія будзе ўводзіць Байдэн за атручванне Навальнага, не будзе палёгкі. Будзе працягвацца жорсткая палітыка ЗША ў дачыненні да Расеі. Калі казаць пра Байдэна то можна казаць пра розныя аспекты, але я не бачу што будуць нейкія саступкі.

Лукашэнка выкарыстаў пагром у Капітоліі ў сваіх інтарэсах. Ён параўнаў гэта з дваровымі акцыямі пратэсту ў Беларусі. Ці вам не падаецца, што гэты бунт амерыканцаў супраць падліку ў парламенце дапамагае дыктатарам, стварае для Лукашэнкі і Пуціна карысныя ўмовы. Маўляў, ЗША – цытадэль дэмакратыі, майданы арганізуюць, што ў іх там адбываецца? А ў нас тут стабільнасць і мір. Як бы вы гэта пракаментавалі?

Дыктатары ўжываюць любую магчымасць для прапаганды, яна будзе ўплываць толькі на тых людзей, якія паддаюцца і глядзяць дзяржтэлебачанне. Людзі, якія аналізуюць сітуацыю і глядзяць незалежныя медыі, змогуць паглядзець з розных бакоў і ўбачаць, што гэта непараўнальныя сітуацыі. Сітуацыя была незвычайная, не трэба пратэсты не заўважаць, але не трэба перабольшваць іх ролю.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 07.01.2020

Фота: Miguel Juarez Lugo / Zuma Press / Forum

 

 

Стужка навінаў