Палітолаг Рыгор Астапеня: Беларусь стане вялікім канцлагерам або ўлады пойдуць на саступкі


Фота: ТК / «Белсат»

Зменаў у Беларусі не варта чакаць праз некалькі тыдняў, найхутчэй – цягам года, падкрэсліў у размове з Belsat.eu заснавальнік Цэнтру новых ідэй, PhD у галіне паліталогіі Рыгор Астапеня.

«Палітычная сістэма, якая будавалася амаль тры дзесяцігоддзі, не можа парушыцца цягам некалькіх дзён. Гэта працяглы працэс. І мы бачым, што гэты працэс ідзе», – распавёў Belsat.eu заснавальнік Цэнтру новых ідэй, PhD у галіне паліталогіі Рыгор Астапеня.

Паводле эксперта, дзяржаўная сістэма ў Беларусі становіцца ўсё больш разламанай і нестабільнай унутры сябе.

«Усе звяртаюць увагу на тое, што робяць сілавікі, на іхныя рэпрэсіі, але па-за ўвагай застаюцца больш важныя рэчы – цяпер дзяржаўны апарат знаходзіцца ў стане частковай дысфункцыянальнасці, некаторыя дзяржаўныя органы ў сваім сярэднім звяне не могуць працаваць як раней», – кажа Астапеня.

Адзін з прыкладаў слабасці апарату – нешматлікія і малалюдныя мітынгі ў падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі. Улады не ў стане нават арганізаваць акцыі без прывозу людзей з іншых селішчаў і не здольныя мабілізаваць мясцовых бюджэтнікаў.

Hавiны
Бацькі забіраюць дзяцей са школы. У тым ліку праз ідэялогію
2020.08.29 15:57

Два варыянты развіцця падзеяў

Аднак чакаць, што ў нас нешта зменіцца за некалькі тыдняў – гэта досыць наіўна, лічыць палітолаг. Паводле яго, можна закладаць, што нейкія змены ў Беларусі адбудуцца цягам года. «Змены непазбежныя. Сістэма ў сённяшнім стане не зможа працаваць, бо сацыяльны кантракт з беларускім грамадствам разарваны цалкам. Тыя, хто цяпер кіруе, раней забяспечвалі нейкі ўзровень дабрабыту і пачуццё нейкай бяспекі. Цяпер няма ні таго, ні другога. Тут ужо няма куды схавацца і няма куды адступаць. Рэпрэсіі сілавікоў не даюць людзям іншага варыянту як толькі супрацьстаяць».

Жаночы марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

На ягоную думку, у Беларусі магчымыя два варыянты развіцця падзеяў. Адзін з іх – гэта яшчэ большае закручванне гаек і пераўтварэнне ўсёй краіны ў адзін вялікі канцлагер з велічэзным эканамічным крызісам. Другі варыянт – гэта сітуацыя, калі Аляксандр Лукашэнка нейкім чынам саступіць пазіцыі.

«Можна маляваць сцэнары, як тут будзе сябе паводзіць Расея, ці будзе падтрымліваць і фінансаваць Лукашэнку. Шмат залежыць ад таго, ці будуць перамовы між грамадствам і тымі, хто трымае ўладу. А калі будуць, ці ўдасца дамовіцца пра новую Канстытуцыю, пра якую сам Лукашэнка кажа ўжо гадоў 10. Тут вельмі шмат фактараў і нюансаў, і нешта канкрэтнае прагназаваць даволі складана», – заўважыў адмысловец.

Давайце разбірацца
Беларусь можа чакаць серыя дэфолтаў. Эканоміка з Чалым
2020.08.28 18:27

Улады не ведаюць, што рабіць

На меркаванне Астапені, беларускія пратэстоўцы істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў параўнанні яшчэ, да прыкладу, чым тры тыдні таму.

«Абсалютна відавочна, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца нелегітымным прэзідэнтам Беларусі. Ён не прызнаецца беларускім народам як чалавек, які сапраўды выйграў выбары. У любым разе, нягледзячы на тое, што некаторыя навіны досыць сумныя, не варта думаць, што ў тых, хто трымае ўладу ў Беларусі, усё добра. Яны знаходзяцца ў вельмі складанай сітуацыі, калі незразумела, як дзейнічаць. Да таго ж будзе асуджэнне на міжнароднай арэне, эканамічны крызіс. Стан беларускай эканомікі будзе ўвесь час пагаршацца. Наколькі дзяржава здолее працаваць у такіх умовах – не да канца зразумела», – падкрэсліў Астапеня.

Hавiны
Былы працаўнік пракуратуры: улада імкнулася справакаваць масавыя закалоты
2020.08.28 18:45

Ён звярнуў увагу, што пратэсты пакрысе змяняюць форму і становяцца больш глыбокімі: людзі распачалі працэдуры адклікання дэпутатаў; бацькі забіраюць дзяцей са школ, дзе працуюць настаўнікі, якія, на іх думку, фальсіфікавалі выбары; некаторыя бізнесы выводзяць з Беларусі свой капітал і сваіх супрацоўнікаў і гэтак далей.

«Мы бачым, што крызіс паглыбляецца. І ён неабавязкова павінен вылівацца ў вулічныя акцыі кожны дзень. Я не бачу ў людзей, якія захапілі сённяшнюю ўладу, магчымасці цалкам змазаць тыя праблемы, якія сёння ёсць», – мяркуе Рыгор Астапеня.

Фота: ТК / «Белсат»

Віктар Шукеловіч Belsat.eu

Стужка навінаў