Палітолаг пра заяву Макея: «Гэта дзяржаўная здрада»


Падрабязнасці перамоваў пра паглыбленне інтэграцыі з Расеяй не варта разгалошваць грамадскасці. Пра гэта перад пачаткам семінару «10 гадоў «Усходняму партнёрству» заявіў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

«Прыйдзе час, і ўсе пра ўсё даведаюцца. Цяпер ідзе руцінная праца», – заявіў галоўны дыпламат краіны пра інтэграцыю Беларусі і Расеі.

На пытанне TUT.BY пра тое, ці ёсць у перамовах пункты, якія абмяжоўваюць беларускі суверэнітэт, міністр параіў звярнуцца да заяваў Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку да апошняга паслання парламенту і народу.

Hавiны
Другая АЭС, новае свята 5 чэрвеня і рэфармацыя Царквы. Лукашэнка звяртаецца да народу
2019.04.19 09:27

У каментары Belsat.eu палітолаг Павел Усаў адзначыў, што Макей – асоба несамастойная ў сваіх выказваннях і дзеяннях. Спасылаючыся на Лукашэнку, дыпламат проста жадае зняць з сябе сваю палітычную адказнасць за перамовы.

– Думаю, тое, што ён так круціцца, хавае галаву ў пясок, сведчыць пра тое, што гэтая сітуацыя абсалютна не на карысць беларускаму народу і беларускай дзяржаве.

Тое, у чым удзельнічае Макей, можна назваць дзяржаўнай здрадай, калі ён не жадае публічна раскрыць сутнасць гэтых перамоваў.

– Безумоўна, ён баіцца. Гэта пазіцыя не дзяржаўнага чалавека, гэта проста пазіцыя звычайнага чыноўніка-баязліўца. Насамрэч, цяпер вельмі вырашальны час, але, на жаль, у атачэнні Лукашэнкі няма такіх людзей, якіх можна назваць дзяржаўнымі асобамі, для якіх інтарэсы дзяржавы важней за свае ўласныя скурныя інтарэсы, – кажа эксперт.

Летась 25 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся пра стварэнне працоўнай групы ў справе інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. Пазней кіраўнікі Беларусі і Расеі яшчэ некалькі разоў абмяркоўвалі гэтае пытанне. Аднак дэталі перамоваў дагэтуль застаюцца таямніцаю. Урад Беларусі адмовіўся раскрыць падрабязнасці дэпутаткам Палаты Прадстаўнікоў Алене Анісім і Ганне Канапацкай.

29 траўня прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ўрадам Беларусі і Расеі даручылі распрацаваць дарожную мапу наконт развіцця інтэграцыі – да 21 чэрвеня. Пасля чаго да працэсу маюць падключыцца кіраўнікі краінаў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Стужка навінаў