«Паліткарэктным быць добра, але не цяпер». Трамп адрэагаваў на тэракт у Нью-Ёрку


Пасля ўчорашняга тэракту ў Нью-Ёрку прэзідэнт ЗША заявіў, што даў загад зрабіць сістэму праверкі на мяжы больш жорсткай.

Удзень 31 кастрычніка на веладарожку на Ўэст-стрыт на Манхэтэне ўехаў кіроўца на пікапе і пачаў давіць людзей. Паводле апошніх звестак, восем чалавек загінулі, адзіннаццаць – параненыя.

У пэўны момант машына звярнула з веладарожкі і сутыкнулася з школьным аўтобусам. Пасля гэтага злачынец выйшаў з аўта са зброяй. Паводле сведкаў, ён крычаў «Алах Акбар».

Паліцыянт, які быў побач, адкрыў агонь і параніў нападніка. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі.

У кабіне пікапу знайшлі цыдулку з прысягай на вернасць «Ісламскай дзяржаве».

Улады назвалі здарэнне тэрактам.

Афіцыйныя крыніцы заявілі ABC News, што імя нападніка – Сайфула Саіпаў (Sayfullo Saipov). Яму 29 гадоў, CBS News падае, што ён – грамадзянін Узбекістану, прыехаў у Штаты ў 2010-м.

Пасля здарэння Доналд Трамп заявіў, што аддаў загад Дэпартаменту ўнутранай бяспекі зрабіць праграму памежнага кантролю больш жорсткай.

Адным з першых крокаў Трампа на пасадзе прэзідэнта была ініцыятыва забароны ўезду ў ЗША грамадзянаў некаторых мусульманскіх краінаў, вядомая як Extreme Vetting Program. Узбекістан не быў у іх ліку.

ДД

Стужка навінаў