Палескія шаптухі: не на шкоду, а ў дапамогу дактарам XXI стагоддзя


Спрадвеку на Беларусі бытавала практыка народнага знахарства. Нямала гэткіх дактароў з народу жыве і сёння.

Палеская вёска Дзяржынск – колішнія Радзілавічы – знаходзіцца на самым памежжы з Украінаю. Паселішча можна назваць вёскай шаптух, бо тут лекуе словам шмат пажылых жанчын. Мы завіталі да дзвюх з іх, каб паглядзець, як гэта робіцца, і зразумець, чаму ў XXI стагоддзі пры развіцці медыцыны дагэтуль квітнее ў народзе «медыцына слова».

Да дактароў жыхары ездзяць у раённы цэнтр Лельчыцы ці вёску Тонеж. У Дзяржынску маецца фельчарска-акушэрскі пункт, але працуе рэдка, бо няма свайго фельчара. Аднак першапрычына звароту ў немачы да шаптух не столькі ў гэтым, колькі ў бяссіллі ў асобных выпадках традыцыйнай медыцыны.

Настасся Лукашэвіч зусім нядаўна вылечыла суседскага хлопчыка ад спуду, або ляку. Той не мог есці, яго ванітавала, але старажытная магія ўратавала. А цяпер хлопчык прыйшоў, каб дапамагчы бабе Настулі прадэманстраваць для нас працэс лекавання.

Шляхам пэўных маніпуляцый з вадой і попелам ляк сыходзіць з цела. Пры гэтым існуюць правілы: попел з печы набіраць, павярнуўшы далоні ўніз, і прасейваць праз сіта, перагарнуўшы яго сеткай угору. Баба Настуля праводзіць рукой па сонцы вакол пупа хлопчыка і прагаворвае замову-малітву дзевяць разоў.

Господу Богу помолюса,

Прачыстай Божай Маці нізенько ў ногі поклонюса.

Божая Маці прыступала і помагала,

Рабу Божаму (імя) ляк шаптала.

Быў ляк, ды з новое клеці,

Чэрэцяныя ногі, соломеные рукі.

(Фрагмент з замовы)

Пасля «сапсаваную» ваду, якая ўвабрала ў сябе ўсё дрэннае, выліваюць пад плот. Увогуле, вада можа як лячыць, так і наносіць шкоду. І гэтым таксама нехта можа скарыстацца.

«Ёсць дрэнныя людзі, якія могуць загаварыць ваду благім словам і выліць пад ганак, – кажа шаптуха. – Хто-небудзь можа ступіць туды і захварэць, нават памерці».

Падобным чынам Настасся Лукашэвіч праганяе ляк з дапамогай хлебнага мякішу. Калі ў выніку ў разламаным хлебе знаходзіць нібы нітачкі павуціння, значыць, у чалавека сапраўды быў спуд. Як і ад вады ў папярэдняй замове, ад мякішу трэба пазбавіцца: кінуць сабаку правай рукой за правае плячо.

Лёгка шаптуха распазнае і нагаворы, або ўрокі. Тых, хто пакутуе ад злых языкоў, яна лекуе з дапамогай нажа: стоячы ззаду, водзіць ім над галавой, дакранаецца да частак цела і чытае замову. Таксама дзевяць разоў.

Госпаду Богу памалюса.

Прачыстай Божай Маці пакланюса.

Прачыстая Божая Маці із прэстола ўставала

(Імя) ўрокі шаптала.

Ці вы ўрокі падуманы, ці вы з праклёну,

Ці вы з нагавору, ці вы з завідошчэй.

Выйдзець урокі под чэпец дзевоцкіе,

Ермолкі жыдоўскіе, попоўскі,

У камізэлькі,

Шчоб по косцях не ходзілі,

Косцей не ломілі, піці-есці не застужалі.

Урокі відавочныя, калі жанчына падчас шаптання пачынае шырока пазяхаць.

А вось навесці любоўныя чары Настассю Лукашэвіч прасіць не варта:

– Не, гэта ўжо не ад Бога. Пройдзе час – усё адно пройдзе само.

Свае ўменні, дар лекавання і малітвы Настасся Лукашэвіч пераняла ад бабулі, як тое мае быць у сапраўднай радавой шаптухі. Яна можа пазбаўляць і ад іншых хвароб, а таксама загаворваць ваду.



Не ва ўсіх атрымліваецца. Некаторыя могуць ведаць малітвы, але не памагаецца, – упэўнена народная лекарка. Кажуць, «не памагаецца» ў маладых жанчын, што яшчэ не скончылі полавае жыццё. Баба Настуля сцвярджае, што можа лекаваць і маладзіца, але ў яе мусіць быць толькі адзін мужчына.



Баба Каця пераняла дар таксама ў спадчыну, ад маці. Мы папрасілі паказаць, як яна лекуе рожыстыя запаленні. Але спярша пачулі гісторыю: «У нас сваяк ёсць. Хварэў на рожу. І ў Лельчыцы ездзіў, і ў Тонеж, але дактары не далі рады. Адправілі на Гомель. А там яму сказалі: «Не, едзь да бабулі!»».

І такіх гісторый у кожнай шаптухі можа быць мноства. Бо рожа сапраўды цяжка паддаецца лекаванню ў афіцыйнай медыцыне. Больш за тое, пасля аперацый хворыя нярэдка адчуваюць сябе яшчэ горш.

Каб пазбавіць чалавека ад рожы, баба Каця бярэ ільняное палатно, кладзе на хворае месца і падпальвае на палатне дзевяць пучкоў ільну. Дзевяць разоў чытае замову.

Госпаду Богу памалюса.

Прачыстай Божай Маці пакланюса.

Прачыстая Божая Маці із прэстола ўставала

(Імя) рожу шаптала.

Шла Бож’я Мацер чэрэз гору,

Нясла тры пучкі ржы,

одзін вусох,

другі звяў,

А трэці з цела зганяў.

Рожа, прападзі,

По ліцу, целу, рукам і ногам не ходзі.

І чэтвэрг – пятніца, і заўтра пятніца,

Штобы ў (імя) цела не ятрывалось.

Як гарыць невысока і згарае хутка – хвароба несурёзная. А вось калі доўга ды полымя высокае – іскры могуць аж да столі далятаць – то справы кепскія.

Лекуе баба Каця і не менш цяжкую немач – астуду. Гэта прышчы, якія з’яўляюцца на целе ад нагавору ці сурокаў. Яны могуць самі знікаць пад вечар, а могуць пайсці сліззю ці коркай па целе і нават прывесці чалавека да смерці. Пад астудай тутэйшыя лекаркі разумеюць высыпкі на целе рознага паходжання, у тым ліку і адзёр.

Баба Каця – вельмі набожная, ходзіць у царкву. Лічыць, што і справай займаецца сумленнай, божай. На пытанне, ці бярэ за свае паслугі грошы, адказвае адмоўна: калі будзеш браць грошы, менш будзе памагацца.

Вядома, што пасля сеансу шаптуха губляе частку энергіі, адчувае стомленасць і слабасць. Відаць па ўсім, на хворага ўплывае не толькі энергія, перададзеная ад лякаркі праз дотыкі рук. Дзейнічаюць таксама інтанацыі і гучнасць голасу, пасылы тэкстаў замоў, іх мілагучныя паўторы ды іншае. То бок, усё тое, што ўплывае не на фізіялогію, а на псіхіку. Так ці інакш, гэта дзейнічае і прымушае некаторых нават сёння адмаўляцца ад медычных паслуг у лякарнях.

ВМ, belsat.eu

Стужка навінаў