Палац Януковіча ў Крыме забярэ Пуцін


Недабудаваны палац на мысе Айя былога прэзідэнта Украіны перададуць Упраўленню справамі прэзідэнта Расеі.

Пра гэта паведамляе інфармагенцтва FlashCrimea са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе Севастопалю.

«Першапачаткова планавалася, што палац дастанецца Севастопалю. Думалі дабудаваць, адкрыць санаторый ці пансіянат. Але зараз прынятае рашэнне, што аб’ект будзе перададзены ўпраўленню справамі прэзідэнта», – адзначыў суразмоўца інфармагенцтва.

Паводле дадзеных украінскіх СМІ, структуры, блізкія да старэйшага сына Віктара Януковіча – Аляксандра Януковіча, у 2007 годзе за 6,3 млн грыўняў (1,2 млн долараў паводле курсу 2007 года) набылі ў дзяржавы базу адпачынку «Мыс Айя» і зямельны надзел плошчай 3,5 гектары, які належыў базе. У цяперашні час будаўніцтва палацу на тэрыторыі базы адпачынку прыпыненае.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў