Палата прадстаўнікоў ЗША другі раз абвясціла імпічмент Трампу


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласавала за паўторны імпічмент дзейнаму прэзідэнту ЗША Доналду Трампу за тыдзень да канца ягонага прэзідэнцкага тэрміну. Імпічмент падтрымалі 232 кангрэсмены пры неабходных 217 галасах. Трамп стаў першым прэзідэнтам ЗША, якому імпічмент абвясцілі двойчы, піша Vot Tak TV.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 232 галасамі зацвердзіла пастанову пра паўторны імпічмент прэзідэнту Доналду Трампу. За імпічмент прагаласавалі ўсе кангрэсмены-дэмакраты і 10 кангрэсменаў-рэспубліканцаў, сярод якіх – дачка былога віцэ-прэзідэнта Ліз Чэйні.

Шмат хто з кангрэсменаў, якія выступаюць за імпічмент, гаварылі пра страх, які яны перажылі цягам трох хвілінаў 6 студзеня, калі іх эвакуявалі з залы пасяджэнняў. Яны называлі дэманстрантаў, якія ўварваліся ў Капітолій, тэрарыстамі і ўвасобленым злом, сцвярджалі, што многія людзі баяліся тўітаў Трампа.

Інтэрв’ю
«Адзін з самых цёмных дзён у гісторыі ЗША». Паразмаўлялі з беларускай, якая жыве ў Вашынгтоне
2021.01.07 15:15

Парламентары, якія выступаюць супраць імпічменту, нагадвалі пра няўдалы першы імпічмент, заснаваны ў тым ліку на ілжывай інфармацыі, а таксама пра летнія пагромы пад дэвізам «Black Lives Matter», якія былі падтрыманыя дэмакратамі. Рэспубліканцы заклікалі калег перастаць кіравацца эмоцыямі ды спыніць дзяліць краіну, а пачаць яе аб’ядноўваць.

Паліцыя ўжывае слезацечны газ супраць прыхільнікаў Доналда Трампа. Вашынгтон, ЗША. 6 студзеня 2021 года.
Фота: Stephanie Keith / Reuters / Forum

Верхняя палата Кангрэсу ЗША – Сенат – разгледзіць пытанне пра паўторны імпічмент Трампу пасля заканчэння ягоных паўнамоцтваў. Калі Сенат дзвюма трацінамі галасоў падтрымае імпічмент, ён можа забараніць Доналду Трампу займаць дзяржаўныя пасады. На гэты момант 50 з 100 сенатараў належаць да Рэспубліканскай партыі, а другая палова – да дэмакратычнай.

Падчас пасяджэння Кангрэсу ў Капітоліі дзяжурылі байцы Нацыянальнай гвардыі. Як адзначылі некаторыя кангрэсмены, у будынку парламенту іх было больш, чым у Афганістане.

Нацыянальная гвардыя ў Капітоліі падчас пасяджэння Кангрэсу, на якім разглядаецца пытанне пра імпічмент Доналда Трампа.
Фота: JOSHUA ROBERTS / Reuters / Forum

Раней стала вядома, што дзейны віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс адмовіўся выкарыстоўваць 25-ю папраўку да Канстытуцыі для адхілення Доналда Трампа ад пасады. Згодна з гэтаю папраўкаю, дзейнага прэзідэнта могуць прызнаць недзеяздольным, і ўлада перайшла б да віцэ-прэзідэнта.

Фота
Трамп не прызнаў паразы на выбарах. Ягоныя прыхільнікі ўварваліся ў Капітолій. Фота
2021.01.07 03:39

ІС / Vot Tak TV

Стужка навінаў