Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за новыя санкцыі супраць Расеі


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША пераважнай большасцю галасоў прыняла закон, які фактычна залічвае Расею разам з Іранам і Паўночнай Карэяй у шэрагі вонкавапалітычных супернікаў ЗША і забараняе прэзідэнту Трампу аднаасобна касаваць санкцыі супраць яе. Падрабязна пра гэта распавядае расейская служба BBC.

У пашыраным дакуменце прыкладна палова з 184 старонак прысвечана Расеі; на гэтых старонках пералічана ўсё тое, у чым амерыканскія палітыкі вінавацяць Маскву – дзеянні ў дачыненні Украіны, замах на кібербяспеку ЗША і іншых краін і спробы паўплываць на вынік выбараў, падтрыманне Башара Асада ў Сірыі, карупцыя, парушэнні праў чалавека і іншае. Там жа згаданы ўсе прынятыя дагэтуль акты і ўказы пра санкцыі.

Галоўнае ў новым законе – тое, што ён пазбаўляе прэзідэнта магчымасці касаваць санкцыі супраць Расеі без дазволу парламента.

Нагодай для распрацоўкі гэтага законапраекта паслужылі заявы Доналда Трампа пра гатовасць наладзіць адносіны з Расеяй, заключыўшы з Уладзімірам Пуціным «добрую ўгоду», а таксама абвінавачванні ў адрас Расеі ва ўзломе кампʼютараў Дэмакратычнай партыі і спробах паўплываць на вынік выбараў. Масква гэтыя абвінавачванні паслядоўна адмаўляе.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў