Палата прадстаўнікоў абвясціла імпічмент Доналду Трампу


Палата прадстаўнікоў прагаласавала за адхіленне ад пасады прэзідэнта Доналда Трампа. Цяпер лёс Трампа мусіць вырашыць Сенат, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Кангрэсмены прызналі Трампа вінаватым па абодвум артыкулах абвінавачання – у злоўжыванні ўладай (230 галасоў супраць 197) і ў перашкодзе працы кангрэса (229 галасоў супраць 198).

Трамп стаў трэцім прэзідэнтам у гісторыі ЗША (пасля Эндру Джонсана ў 1868-м і Біла Клінтана 1998-м), якому быў абвешчаны імпічмент Палатай прадстаўнікоў Кангрэса. Аднак яшчэ ніколі імпічменту не падтрымліваў Сенат. Малаверагодна гэта і цяпер: для адхілення прэзідэнта трэба, каб за гэтае рашэнне прагаласавалі 2/3 сенатараў, а Рэспубліканская партыя мае ў сенаце большасць. Імаверна, слуханні ў Сенаце адбудуцца ў студзені 2020 года.

Дэмакраты, якія маюць большасць у ніжняй палаце Кангрэса, лічаць, што Трамп злоўжыў сваёй уладай, патрабуючы ад Украіны кампрамат на свайго палітычнага суперніка Джоў Байдэна.

Падставай для такіх абвінавачванняў стала тэлефонная размова Доналда Трампа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая адбылася 25 ліпеня 2019 года. Падчас гутаркі прэзідэнт ЗША папрасіў Зяленскага распачаць расследаванне ў дачыненні былога віцэ-прэзідэнта Байдэна. Ягоны сын Гантэр Байдэн з 2014 да 2019 года быў чальцом савету дырэктараў украінскай дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі «Burisma», і, як сцвярджае прэзідэнт ЗША, быў уцягнуты ў карупцыйныя схемы ў гэтай краіне. Джоў Байдэн у гэты час выконваў абавязкі ўпаўнаважанага адміністрацыі ЗША ў справах Украіны, і, як лічаць рэспубліканцы ў Кангрэсе, быў датычны да звальнення кіраўнікоў праваахоўных органаў Украіны, якія рыхтавалі расследавання ў тым ліку ў дачыненні ягонага сына па абвінавачванні ў карупцыі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў