Паламаныя вадамёты і натоўпы каля Акрэсціна. Як прайшоў 57-мы дзень пратэсту


4 кастрычніка ў Беларусі працягваліся акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку ўладаў.

57-ы дзень супрацьстаяння прайшоў пад лозунгам Марш вызвалення палітвязняў. Удзельнікаў дэманстрацыяў апроч адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі патрабавалі вызвалення палітвязняў. Акцыі адбыліся ў розных кутках Беларусі – Берасці, Бабруйску, Бярозе, Віцебску, Вялейцы, Гомлі, Горадні, Жабінцы, Жодзіне, Лідзе, Магілёве ды іншых гарадах.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Але найбуйнейшай была нядзельная акцыя ў Менску, якая традыцыйна сабрала каля 100 тысяч удзельнікаў.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Каб перашкодзіць людзям сабрацца, перакрываліся вуліцы, былі прыгнаныя БТРы, выкарыстоўваліся вадамёты. У выніку некаторыя з іх (адзін ці два) былі сапсаваныя пратэстоўцамі і аблілі сваіх жа – АМАПаўцаў, якія стаялі ў ачапленні.

Няглядзечы на перашкоды, шматлікія калоны, якія ішлі з розных кропак Менску, змаглі злучыцца і пачаць шэсце ад перасячэння праспекта Машэрава з вуліцай Заслаўскай, выйшлі на падарожную частку. На скрыжаванні з вуліцай Ціміразева да іх далучылася іншая калона дэманстрантаў, якая ішла ад Нямігі.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Калона пайшла па праспектах Пушкіна, Жукава і Дзяржынскага пратэстоўцы да 1-га завулка Акрэсціна, дзе размешчаны Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), дзе ўтрымліваюць затрыманых пратэстоўцаў. Па дарозе з імі ядналіся новыя групы дэманстрантаў.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Пратэстоўцы пад лозунгі «Выпускай», «Караева пад суд», «Жыве Беларусь!» абляпілі вароты і сцены ЦІП партрэтамі загінулых удзельнікаў дэманстрацыяў і бел-чырвона-белымі налепкамі, а на плоце чырвонай фарбай напісалі «Фашысты».

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Прыкладна праз паўгадзіны дэманстранты рушылі калонай па праспекце Дзяржынскага ў бок мікрараёну Малінаўка. Там яны падзяліліся на некалькі частак і каля 19:00 разышліся ў розныя бакі.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

У гэты час удзельнікаў акцыі паспрабавалі затрымаць сілавікі, але шмат хто з іх проста разбегся. Агулам праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе прынамсі пра 171 затрыманага па ўсёй Беларусі (станам на 22:25). Адзначаецца, што ў Віцебску супраць мітынгоўцаў быў ужыты слезацечны газ.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

МГ belsat.eu

Стужка навінаў