Пакупнікі крамы Symbal.by: АМАПу, як каронавіруса: спачатку баяліся, а потым звыкліся


Чарга каля крамы Symbal.by

Паглядзіце, якая сёння чарга каля крамы Symbal.by?

Opublikowany przez Белсат TV Środa, 24 czerwca 2020

12 чэрвеня супрацоўнікі Савецкага РУУСу сканфіскавалі ў кур’ера крамы symbal.by 419 тышортак «ПСІХОЗ%». Пасля гэтага ў краме пачаліся няспынныя праверкі, камунальныя службы адключылі электрычнасць, а Менгарвыканкам запатрабаваў прыбраць з будынку фірмовую шыльду. 23 чэрвеня Павел Белавус абвесціў, што крама спыніць сваю працу 29 чэрвеня, і заклікаў набываць тавары, пакуль іх не арыштавалі. У гэты ж вечар людзі з салідарнасці сталі збірацца ў чаргу ля дому № 18 па праспекце Машэрава, дзе месціцца крама. Праз нейкі час пад’ехаў аўтазак, і АМАП стаў груба затрымліваць людзей з чаргі. Сёння, 24 чэрвеня, ля крамы ізноў пашыхтавалася чарга пакупнікоў.

Чарга каля крамы Symbal.by 24 чэрвеня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У канцы чаргі стаіць яскравая пара – Павел і Наталля. Наталля сама рабіла макет для саколак.

«Калі я забірала замову, мне сказалі: «Вось вашая рэшта і 15 сутак», – усміхаецца дзяўчына.

«Мы замаўлялі на мінулым тыдні рэчы тут, пасля таго як даведаліся што ў крамы канфіскавалі тавар. Вось сёння прыйшлі забраць. І яшчэ нешта набудзем, бо прачыталі што краму зачыняюць. Мы гатовы да ўсяго – знайшлі, каму карміць нашага сабаку, папярэдзілі сваіх кіраўнікоў на працы, да штрафаў таксама гатовыя!» – спакойна распавядае Павел.

Павел і Надзея.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Чарга павялічваецца к абеду, людзей здымае на камеру супрацоўнік у цывільным. Міма праязджаюць машыны, некаторыя гучна сігналяць людзям у чарзе ці махаюць ім. Мінакі праходзяць міма і вітаюцца.

Чарга каля крамы Symbal.by 24 чэрвеня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Заходзім у краму. Тут няма святла, а пакупнікоў шмат, але ўсе спакойна абіраюць сабе рэчы. Хтосьці набраў поўныя рукі ўсяго, хтосьці набывае толькі налепкі і магніты.

Крама Symbal.by.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Крама Symbal.by.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Падыходзім да маладзёнаў, якія разглядаюць паліцы. Воля і Глеб абралі сабе па саколцы.

«Я бы не прыйшла, калі б не ўчорашнія падзеі. Я тут, каб падтрымаць, хаця мне страшна. Але хто, калі не мы?» – кажа Воля.

«Я часта сюды наведваюся, дасылаю падарункі сваякам з Урала. Прыйшоў падтрымаць symbal.by. Баюся што крама больш не адчыніцца, то трэба набыць нешта на памяць. А што датычна АМАПу, то да яго як да каронавіруса: спачатку баяліся, а потым звыкліся», – кажа Глеб.

Крама Symbal.by.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

За прылаўкам тры прадаўца, яны працуюць без перапынку.

«Мы стаміліся, але добрую справу робім!» – усміхаецца нам адна з прадавачак.

Крама Symbal.by.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Чарга на вуліцы тым часам стала яшчэ даўжэй. Падыходзім да дзяўчыны з ружовымі валасамі. Надзея кажа, што ішла на сумоўе, але не дачакалася вынікаў і прыйшла сюды:

«Я хачу падтрымаць краму, набуду хаця б дзве налепкі. Але мне страшна, стаю і ўвесь час абарочваюся».

Надзея.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Падыходзім да хлопца, на масцы ў якога выява «Пагоні», яго завуць Антон:

«Хочацца падтрымаць сапраўднага беларускага вытворца і хачу быць часткай большасці. Я супраць дыктатуры і не баюся тут стаяць. Набуду рамкі на машыну і бранзалеты сваім сябрам».

Антон.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З крамы выходзіць Іна з вялікім пакетам, яна набыла рэчаў больш чым на 80 рублёў:

«Я наведваюся сюды часта і калі пачула, што крама зачыняецца, вырашыла прыйсці і закупіцца. Мірным шляхам, стоячы тут у чарзе, мы паказваем што нас не зламіць.Я бачыла ўчорашняе затрыманне людзей, некалькі разоў прайгравала сітуацыю, калі мяне сёння забяруць. Спадзяюся што крама пераедзе ў іншае месца і зноў адчыняецца».

Іна.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Па вуліцы павольна праязджае машына, з вокнаў гучна грае песня Цоя «Перемен», людзі ў чарзе ўсміхаюцца.

Павел Белавус: «Мы «заліжам» раны і Symbal.bу выйдзе на новы ўзровень

Кіраўнік крамы Павел Белавус назваў учорашнія падзеі беспрэцэдэнтным ціскам, які цяжка каментаваць нават з гледжання здаровага сэнсу.

– Усё распачалося, можна сказаць, адвольна: мы адмыслова загадзя абвесцілі пра закрыццё крамы, каб у нас была магчымасць папрацаваць – прадаць нашую прадукцыю і падрыхтавацца да закрыцця. Гэтую абвестку размясцілі ў нашых сацыяльных сетках і адразу каля крамы пачалі збірацца людзі, каб штосьці набыць. Натуральна, стварылася чарга – бо крама невялікая і людзі мусілі стаяць на вуліцы. І тады мы вырашылі запусціць стрым: у нас даволі папулярны канал на YouTube – толькі за апошнія два тыдні ён вырас з трох тысяч падпісантаў да сямнаццаці тысяч. Таму мы вырашылі паразмаўляць з людзьмі, якія прыйшлі, і паказаць іншым прыхільнікам, што і як адбываецца тут. Спачатку яго пачалі глядзець тысячу чалавек, затым дзве, тры – сёння гэтае відэа мае ўжо каля ста тысяч праглядаў. Таму вось гэтая ўвага, пэўна, і спрацавала, як каманда «фас», хтосьці прыняў самае простае і звыклае рашэнне – прыгнаць аўтазак і ўсіх «запакаваць». Ведаем, што на аднаго з затрыманых склалі пратакол, у якім запісана, што ён не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі, а таксама выкрыкваў «Стоп, таракан» і «Сыходзь». Натуральна, што гэта хлусня, бо ніхто нічога не выкрыкваў – гэта бачна на шматлікіх відэа. Гэта чарговае дзікунства, якое цяжка каментаваць ня толькі з гледжання законнасці, але нават здаровага сэнсу. Цягам дня мы спадзяемся атрымаць поўную інфармацыю пра ўсіх затрыманых і, калі ў людзей будуць праблемы, штрафы, то мы, натуральна, дапаможам гэтыя штрафы сплаціць.

Павел Белавус.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Але сёння ад рання ў краму ізноў пашыхтавалася чарга, не зважаючы на інцыдэнт напярэдадні. Вы гэта як расцэньваеце?

– Так, у нас крама працуе ад 10:00 да 20:00 штодзённа. Я прыйшоў а 10:30 і тут ужо была неверагодная колькасць людзей – ізноў стаялі ў чэргах. А яшчэ праз гадзіну прыйшлі два міліцыянеры, каб зноў разбірацца, чаму стаяць чэргі і працуе толькі адна каса. Мы кажам: вы што, у нас ужо тыдзень святла няма, як мы можам больш кас падключыць? Тое ж самае было і з МНС: прыходзяць, чаму ў вас не працуе сігналізацыя? А як яна будзе працаваць, калі ЖКГ, дзяржаўная арганізацыя, з якой у нас заключаная дамова, абсалютна незаконна адмаўляецца падключаць святло. Мы штодня тэлефануем і штодня знаходзяцца новыя прычыны, каб адмовіцца прыслаць электрыка. Заўтра Менскрэклама хоча здымаць шыльду з лагатыпам нашай крамы, якая находзіцца на будынку. Словам, гэты ціск ня проста працягваецца, а яшчэ і ўзмацняецца.

– А распачалося ўсё з канфіскацыі цішотак «Псіхо3%», правільна?

– Так, усё пачалося, калі міліцыянты затрымалі кур’ера нашай крамы з гэтымі цішоткамі і адабралі іх. Мы іх выраблялі паводле перадзамоваў – сабралі іх неверагодную колькасць. І вось так не здолелі даставіць людзям гэтую замоўленую імі прадукцыю. Гэта было 12 чэрвеня, а ўжо на наступным тыдні да нас пачалі прыходзіць з праверкамі: падатковая, міліцыя, пажарнікі, потым нас зачыніла санстанцыя. А зараз нам паступае ўсё больш і больш інфармацыі, што санстанцыя, МНС, падатковыя прыходзяць не толькі да нашых партнёраў, з якімі мы супрацоўнічалі, але нават да тых вытворцаў аналагічнай прадукцыі, з якімі мы ніколі не працавалі. Ходзяць з праверкамі і папярэджваюць, каб нічога не друкавалі з лічбамі 3% ці 97%. Таму мы і вырашылі, што ў гэтай сітуацый найлепшым выйсцем будзе не «падстаўляць» іншых людзей, закрыць Symbal.bу і пакінуць працу праз інтэрнэт-краму.

Крама Symbal.by.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Закрыццё папулярнай крамы Symbal.bу для многіх вашых прыхільнікаў – вялікая страта. Што далей?

– Па праўдзе, у нашай краме нам і так было ўжо крыху цеснавата ва ўсіх адносінах. Таму мы зараз крыху адпачнем, «заліжам» раны і, спадзяюся, выйдзем да нашых прыхільнікаў з новымі сіламі і на іншым узроўні.

***

Крама Symbal.bу была заснаваная ў 2014 годзе як крама па продажы нацыянальнай сімволікі, сувеніраў і адзення з выявамі гістарычных і нацыянальных сімвалаў: бел-чырвона-белых сцягаў, гербаў «Пагоня», цішотак з нацыянальным арнаментам, кубкаў, значкоў і іншай аналагічнай прадукцыі.

Акрамя камерцыйнай дзейнасці, Symbal.bу стаў заснавальнікам і ўдзельнікам шэрагу культурных праектаў: «Дзень вышыванкі», «Стужка з арнаментам», «Фэст роднай мовы», «Symbal.bу-фэст», суарганізатарам святкавання «100-годдзя БНР».

За 6 гадоў асартымент тавараў крамы павялічыўся з дзясяткаў да тысячаў пазіцый. Гэтай вясной Symbal.bу арганізаваў дабрачынную акцыю для дзяржаўных шпіталяў і паліклінік: у медычныя ўстановы было перададзена 50 тысяч масак.

Рэйтынг крамы, які праводзіць Google Maps, складае 4.9 з магчымай адзнакі 5. Symbal.bу называюць адметна з’явай у культурнай прасторы Беларусі.

Галіна Абакунчык, Ірына Арахоўская, фота Ірыны Арахоўскай Belsat.eu

Стужка навінаў