«Пакуль ёсць доблесная менская міліцыя, не будзе пераменаў!» Менчук – пра сваё затрыманне


Жыхар Менску Мікалай Ізаітка ўвечары 11 жніўня вяртаўся дадому. Літаральна ў кустах яго падкаравулілі сілавікі і затрымалі. Цудам і толькі праз 2 дні Мікалай трапіў дадому. Каб памяталі, падзяліўся з чытачамі «Белсату» не найлепшымі ўспамінамі.

Затрыманне з-за куста

Каля 23-ай гадзіны 11 жніўня на вуліцы, якою ён вяртаўся дадому, было вельмі ціха. Прыкладна ў 500 метрах ад свайго жытла Мікалай заўважыў супрацоўнікаў унутраных войскаў, якія сядзелі ў засадзе. У тыя дні дзясяткі асобаў затрымлівалі не ў натоўпе на пратэстах, а лёгкім шляхам – у дварах.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu / Vot-tak.tv

«Мне крыкнулі «Стой!», я спыніўся, падняў рукі. Мяне даглядзелі, запыталі, чаму маю белы бінт на запясці. Я сказаў, што падрапаўся… Мяне забралі», – распавядае Мікалай.

Кажа, што затрымлівалі без асаблівага гвалту, сцягнулі рукі за спіною, пасадзілі на бардзюр, дзе было каля 10 такіх самых, як ён «адлоўленых».

«Яны паводзілі сябе даволі ветліва. Адзін хлопец выкрыкнуў «Жыве Беларусь!», на што прагучаў адказ «Цалкам згодныя», і толькі потым па ягонай галаве пайшлі дубінкі», – кажа хлопец.

Агулам, было даволі шмат смешных момантаў. Калі сілавікі выклікалі машыну, то жартавалі, што: «Трэба прыняць дзевяць алоўкаў у вашую скрынку».

Далей пачалася доўгая вандроўка. Спачатку ехалі на мікрааўтобусе, куды затрыманых пасадзілі і павезлі ў РАУС Фрунзенскага раёну.

«Пасля прыбыцця нас пачалі біць на выхадзе з аўтобусу. У спартовай залі РАУСу нас паклалі на падлогу. Затрыманых было шмат, чалавек 70 – 80. Усім апранулі на рукі кайданкі. АМАПаўцы хадзілі ўздоўж ляжачых, білі дубінкамі, станавіліся нагамі, крычалі на нас «Дзе цяпер вашая Ціханоўская?», «Пакуль ёсць доблесная менская міліцыя, не будзе пераменаў!», – згадвае Мікалай.

На шчасце, кажа, у РАУСе ён правёў не больш за гадзіну, бо гэта быў найгоршы адцінак. Там ён пакінуў заплечнік з гаманцом і пауэрбэнкам. Знайсці і па сёння не можа.

Інтэрв’ю
Засталася толькі пятка. Затрыманыя распавядаюць пра траўмы і бесчалавечнасць сілавікоў. Фота 18+
2020.08.20 20:30

З РАУСу затрыманых павезлі на Акрэсціна. У машыну запіхнулі каля 70 асобаў, усіх паставілі на калені. АМАПаўцы суправаджалі – пагражалі згвалтаваннем, абразаннем валосся, абяцалі, што нейкім чынам памецяць.

«Білі так, каб слядоў не было, бутэлькаю з вадою, кулаком, пстрыкалі шокерам над вухам, але не ўжывалі. Мне падаецца, што яны атрымлівалі ад гэтага задавальненне. Адзін АМАПавец сказаў мне: «Я табе зараз дубінку ў дупу засуну». Дык прагучала нібыта ён марыць пра гэта».

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Дарога на Акрэсціна

На Акрэсціна затрыманых сустрэў атрад амапаўцаў з дубінкамі. Мікалаю ўшчэнт разбілі тэлефон, які быў ў кішэні, і паставілі на каленях у шэраг уздоўж плоту, яшчэ раз апыталі.

«Я меў раней аперацыю на каленях, пасля яе было вельмі цяжка на іх стаяць. Я звярнуўся да працаўніцы, што мне балюча так стаяць. Яна адказала: «А навошта вы бралі ўдзел у мітынгу?», – згадвае хлопец.

Далей затрыманых сагналі ў бетонны прагулачны дворык. У цеснай прасторы цягам 10 гадзінаў стаяла каля 80 чалавек. Сесці там маглі чалавек 15, таму сядзелі па чарзе. Не было вады, у туалет за ўвесь час вывелі 6 чалавек. Астатнім прышлося пад сябе хадзіць. Былі моцна збітыя людзі, раненыя, з адкрытымі ранамі ад гумавых куляў. Але нікому дапамогі не аказвалі.

Абноўлена
Удзельніка пратэстаў 12 жніўня знайшлі павешаным
2020.08.22 23:27

«Мы шмат размаўлялі, і мне падавалася, што 80 % людзей выпадкова ўзялі. Адзін чалавек выйшаў па піва, другі – таксіст, якога выцягнулі з машыны. Мяркую, 11 жніўня была акцыя запалохвання: намагаліся як мага больш людзей збіць і затрымаць, нават тых, якія да мітынгаў не мелі дачынення. Большасць людзей былі выпадковыя. Я чуў панічныя настроі, што, маўляў, нельга заставацца ў гэтай краіне аніводнага дня».

Усе на Акрэсціна чакалі, што іх вось-вось адпусціць, бо доўга ў такіх умовах трымаць не могуць.

«Нам не прыходзіла да галавы, што нехта свядома можа людзей пакінуць стаяць у сваёй мачы і без вады».

Але потым усіх развялі па камерах, і стала зразумела, што так хутка ніхто не вызваліцца. Мікалай правёў 30 гадзінаў у разлічанай на 5 асобаў камеры, куды запіхнулі 33 чалавекі. Былі моцна збітыя, эпілептыкі, хлопец з пашкоджаным ад кулі бокам. Але нармальнай дапамогі ім не аказвалі.

Суд без суда і следства

Пратакол у Мікалая быў класічны: «пляскаў у далоні, крычаў лозунгі». Указаны быў не той адрас, не той час.

«Я падпісаў, бо сярод затрыманых былі чуткі, што тым, хто не пагаджаецца, даюць 15 содняў, а потым яшчэ 10 дадаюць. Я вырашыў не пратэставаць».

13 жніўня ў абед мяне павялі на суд. Ён цягнуўся некалькі хвілінаў. Мікалай кажа, што яму было вельмі цяжка фізічна: запаліўся каленны сустаў. Стан здароўя хлопца на рашэнне суддзю не паўплываў. Яму далі 15 содняў паводле арт. 23.34 ч.1.

«У прысудах не было аніякай сістэмы. У суддзяў былі нарматывы, якія трэба выканаць, таму прысуды раскідвалі без разбору».

Парады
Як паводзіць сябе на допыце? Парады юрыстаў
2020.08.25 22:24

Пасля суду людзей вывелі ўва двор на «этапаванне». Куды павязуць, не сказалі, але было вядома, што ў Жодзіна або Слуцк. 5 гадзінаў прастаялі ў чаканні на машыну. Ахова ставілася да прысутных па-людску: давалі ваду, вадзілі ў туалет і… не білі. Мікалаю дапамог выпадак: за кімсьці з затрыманых прыехала хуткая, дактары якой звярнулі ўвагу на ягонае распухлае калена і забралі з сабою.

«Дактары вельмі намагаліся дапамагчы і забіралі ўсіх, каго было магчыма. Спрачаліся з аховаю. Таго вечару на 2 хуткіх выехалі 7 чалавек. На выхадзе іх сустрэлі валанцёры, якія кінуліся запісваць імёны, далі шмат ежы і вады. Мы былі вельмі галодныя, таму ўсю дарогу елі», – згадвае хлопец.

Двое содняў катаванняў і гіпс за абарону свайго голасу. Фота пацярпелага Мікалая Ізаіткі

У лякарні яму наклалі гіпс, прапісалі ўколы і адпусцілі дадому.

«Мне вельмі пашанцавала: траўмы не сур’ёзныя. Гузакі, синякі, сустаў. Нага, падаецца, нармальна адчуваецца. І яшчэ прастыў».

Hавiны
Лекарка з Менску: Падчас каронавірусу мы яшчэ не прачнуліся, а цяпер маўчаць не можам
2020.08.22 15:26

Пасля вызвалення

За кратамі Мікалай разбіраў нечаканыя для Беларусі падзеі, і самым цяжкім для яго было ўяўляць, што дарма стаяў пад кулямі, што ўсе пратэсты сышлі на «не». Але калі выйшаў з ізалятару, то зразумеў, што ўсё толькі пачынаецца.

«Ніхто не забыў і не прабачыў. Я вельмі гэтым натхнёны. Ды й на працы вельмі падтрымліваюць. Аплацілі юрыдычную дапамогу і страчаныя рэчы, наведвалі з гасцінцамі».

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Зараз хлопец напісаў апеляцыю ў Следчы камітэт, прайшоў судмедэкспертызу і спрабуе аспрэчыць рашэнне суда пра 15-дзённы арышт.

«Чым усё скончыцца, залежыць толькі ад нас», – перакананы Мікалай.

Ксенія Тарасевіч, Belsat.eu

Стужка навінаў