Пакуль не задорага. Кошты на паліва будуць павышаць


Кошты на паліва нельга панізіць насуперак заканадаўству, бо гэта можа прывесці да негатыўных эканамічных наступстваў. Гэтак «Белнафтахім» патлумачыў сітуацыю з цэнамі ў адмысловым адказе на звароты грамадзянаў. У сваю чаргу, эканаміст Леанід Фрыдкін мяркуе, што кошты на бензін будуць павышаць, пакуль людзі будуць гатовыя яго набываць.

«Белнафтахім» сцвярджае, што ўсталёўвае толькі максімальныя цэны на паліва, а заправачныя станцыі могуць па жаданні прапаноўваць пакупнікам ніжэйшыя кошты. Канцэрн нагадвае, што дзейнічае на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 25.02.2011 № 72 «Пра некаторыя пытанні рэгулявання цэнаў (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь», а таксама закону «Пра цэнаўтварэнне».

Да таго ж, ведамства падкрэслівае, што «палітыка фармавання рознічнай цаны на паліва не супярэчыць указу кіраўніка краіны «Аб правядзенні Года малой радзімы».

Аб’ектыў
Паліва будзе даражэць яшчэ доўга
2019.06.02 21:08

«Белнафтахім»зазначае, што сабекошт беларускага паліва наўпрост залежыць ад сусветных цэнаў на нафту і ад курсу беларускага рубля. Аднак, галоўны рэдактар выдання «Экономическая газета» Леанід Фрыдкін у каментары belsat.eu, выказаў меркаванне, што асноўная прычына павышэння цэнаў на паліва крыецца ў плацежаздольнасці беларускіх кіроўцаў:

«У нас ніхто масава не ставіць на прыкол сваё аўто, таму што яму бензін не па кішэні. І пакуль гэтая тэндэнцыя захоўваецца, «Белнафтахім» можа павышаць цэны столькі, колькі палічыць патрэбным. Калі пачнецца рэзкі спад плацежаздольнага попыту, то «Белнафтахім будзе вымушаны спыніць рост цэнаў, нягледзячы на ўсе ўбыткі нафтаперапрацоўчых заводаў і аўтазаправачных сетак».

Адначасова Леанід Фрыдкін дадае, што «Белнафтахім» хутчэй штучна стрымлівае цэны на паліва, і без дзяржаўнага рэгулявання кошты б узраслі больш рэзка.

2 чэрвеня «Белнафтахім» у 15 раз за гэты год павысіў цэны на паліва на адну капейку. Гэтак, цяпер літр 92-га бензіну каштуе 1,58 рублёў, літр 98-га – 1,90, літр дызельнага паліва – 1,69. За выключэннем Расеі, бензін у Беларусі па-ранейшаму застаецца найтаннейшым у Еўропе.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота вокладкі: Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

 

Стужка навінаў