Пакуль апошні амапавец…

Чытаючы інфармацыю дзяржаўнага агенцтва БелТА пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з магілёўскімі лекарамі, міжволі ловіш сябе на думцы аб тым, як шмат шчырых слоў кажа гэты чалавек. Трэба толькі пачуць сказанае ім.

Вось, напрыклад, гаворыцца: «Пакуль апошні амапавец і лекар сапраўдны не скажа: »Усё, Лукашэнка, ты сваю справу зрабіў», да таго часу я буду біцца за гэтую краіну«. Ну, лекар з’явіўся ў яго прамове таму, што прамаўляе ён яе перад лекарамі. Кожны палітык-папуліст у гэтых адносінах падобна да Паўла Іванавіча Чычыкава, які падладжвае ў гогалеўскай паэме сваю рыторыку пад свайго суразмоўцу – і з прычыны гэтага заключае папрабаваную здзелку. Дакладна гэтак сама ў свой час у гутарцы з нямецкім журналістам Лукашэнка выказаўся ў тым сэнсе, што не ўсё дрэннае ў гісторыі Нямеччыны было звязана з Адольфам Гітлерам. Быў бы перад ім грузінскі журналіст – тут бы нашага »Астапа« зусім панесла на пахвалах Сталіну, а, магчыма, і Бэрыі. Так што сярод лекараў варта памянуць лекара, як сярод чэкістаў, напэўна, палічыў бы ён патрэбным выказацца на тэму навучання Дарʼі Домрачавай стральбе і бягу на лыжах.

15 лістапада, Менск.
Фота: Stringer / TASS / Forum

Але вось амапавец… Гэта як раз не з кантэксту сустрэчы выцякае. Гэта тое, аб чым Аляксандр Рыгоравіч думае. Пра апошняга амапаўца, які, быць можа, пажадае сысці заўтра са сваёй варты. Тут справа не ў клятвах. Відэаролікі, на якіх чуваць, як менавіта амапаўцы (або – салдаты ўнутраных войскаў?) рэагуюць на летаніну з аўтаматам наперавес і ўзброеным малодшым сынам за плячыма мімаволі наводзяць на думку аб тым, што рана ці позна такая сітуацыя можа скласціся. Стаяў на варце апошні амапавец – а потым проста сышоў. І нават не стаў напрыканцы казаць свайму былому камандуючаму высокія словы пра тое, што Лукашэнка сваю справу зрабіў. Стаіць Палац Незалежнасці, нікім не ахоўваецца, і толькі верная Наталля Эйсмант са скрыняй масандроўскага віна ў багажніку аўтамабіля прыходзіць у сябе пасля ночы, праведзенай «на колах».

ВІДЭА
«Гранаты, гранаты, гранаты». Як сілавікі рыхтуюцца разганяць мірны марш. ВІДЭА
2020.11.28 11:33

Вось што тады рабіць? Стаяць да апошняй Эйсмант? Яно неяк па-дурному.

Калісьці Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што сыдзе, калі яго пра гэта папросіць народ. Яго прасілі. Выходзілі студэнты, спартсмены, рабочыя, пенсіянеры. Зразумела, што не ўсе выходзілі: усе пенсіянеры, нават калі б захацелі, не змаглі б выйсці на вуліцы. Але столькі, колькі стаяла ў чэргах, каб паставіць подпісы пад вылучэннем альтэрнатыўных кандыдатаў, ніколі не было.

Hавiны
«Спроба нацкаваць адну частку грамадства на іншую». Што трэба ведаць пра «народныя дружыны» Лукашэнкі
2020.12.17 07:00

Але зараз высвятляецца, што ўсе яны – не народ. Народ – гэта лекары («сапраўдныя» – а тыя, што выходзілі на пратэсты, скардзіліся на недахоп сродкаў дэзынфекцыі, масак, ложкаў у больніцах для кавід-заражаных – яны не сапраўдныя? Тыя, каго звальнялі, дактары і кандыдаты навук, анестэзіёлагі, анколагі, кардыёлагі – не сапраўдныя). Ну, і амапаўцы. Калі яны скажуць, вось тады…

Прастора публічнай народнай падтрымкі звузілася, як шчыгрынавая скура з філасофскага рамана Бальзака, як раз у той момант, калі Лукашэнка больш за ўсё яе жадаў. Тут высветлілася, што мітынг у 200 тысяч чалавек арганізаваць немагчыма (бо Качанава, прабачце, – не Ціханоўская), і ў лепшым выпадку можна звезці з розных канцоў краіны 5 тысячаў у вялікую залу і паспрабаваць прадставіць гэтых звезеных лепшымі людзьмі. Вядома, калі масандры хопіць, гэта атрымаецца, але наўрад ці хтосьці паверыць, што 5 тысяч – сапраўды рэпрэзентатыўна прадстаўляюць большасць. Не прадстаўляюць.

Марш памяці Рамана Бандарэнкі. Пратэстоўцы ў раёне станцыі метро «Пушкінская».
Фота: «Белсат»

Адзіная сацыяльная страта, у якой большасць сапраўды падтрымлівае сёння Лукашэнка, – гэта амапаўцы. Ён гэта разумее. Пра іх думае. І пра іх кажа.

І тут вельмі цікавая цытата, якую мімаволі праінтэрпрэтаваў Аляксандр Рыгоравіч у гэтым сваім выказванні. Я маю на ўвазе знакаміты афарызм: «Маўр зрабіў сваю справу – маўр можа сысці». Звычайна недастаткова начытаныя ў класіцы людзі перакананыя, што гэта цытата з «Атэла»: маўляў, гераічны раўнівец, маўр венецыянскі, з такімі словамі канчае рахункі з жыццём.

На жаль, гэта не так. Гэтую філасофскую сентэнцыю прамаўляе персанаж п’есы іншага сусветна вядомага класіка – не Вільяма Шэкспіра, а зусім нават Фрыдрыха Шылера. Гэты, шылераўскі Маўр з пʼесы «Змова Фіескі ў Генуі» пра спробу дзяржаўнага перавароту ў Генуэзскай Рэспубліцы, – наёмны забойца і цынік, які папаўся на няўдалым злачынстве і адводзіцца за кулісы, дзе яго і караюць смерцю. Дрэнная паралель, няўдалая. Сыходзіць трэба тады, калі ты яшчэ хочаш жыць і табе ёсць, дзеля каго жыць. А калі ты жывеш толькі дзеля ўлады, то як раз апошні амапавец можа апынуцца тваім апошнім суразмоўцам. Бо ён – не доктар. Ён не ўмее ратаваць жыцця інакш, чым дубінкай або агнястрэльнай зброяй. І лепш ужо неяк без яго.

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў