Спакой мне толькі сніцца: экс-кіраўнік КДБ пайшоў працаваць у ахову


Былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка (на фота з нажом) узначаліў аддзел бяспекі і абароны інфармацыі «Банку развіцця Рэспублікі Беларусь», паведамляе tut.by.

«Значыць, застаўся яшчэ нерастрачаны патэнцыял, таму і працую. У банк прыйшоў у лютым мінулага года, можна сказаць, выпадкова. Гэта не быў мэтавы прыход. Адразу думаў: усё, трэба супакоіцца, але такім, як я, спакой толькі сніцца», – сказаў Сухарэнка.

У банк Сухарэнка ўладкаваўся дзякуючы запрашэнню кіраўніка праўлення «Банку развіцця Рэспублікі Беларусь» Сяргея Румаса (экс-намеснік кіраўніка ўраду ў 2010-2012 гг).

Сцяпан Сухарэнка праславіўся дзякуючы аперацыі «пацук». Паводле былога кіраўніка КДБ (2005-2007 гг.), напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе апаненты Аляксандра Лукашэнкі планавалі атруціць ваду ў сталічным водаправодзе пры дапамозе дохлых пацукоў.

У 2005 годзе экс-старшыня КДБ таксама паведаміў, што апазіцыя стварыла ў Вілейскім і Крупскім раёнах некалькі ваенізаваных лагераў па падрыхтоўцы баевікоў, якія павінны былі на выбарах 2006 года арганізаваць масавыя беспарадкі.

Пасля сыходу з КДБ Сцяпан Сухарэнка працаваў амбасадарам у Арменіі.

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў