«Пакет у зубы і пад зад». Гомельца вылечылі ад каронавіруса за дзень, але рэнтгену не паказалі


Шпіталі па ўсёй Беларусі паступова пераводзяцца на звычайны рэжым працы. Паводле Міністэрства аховы здароўя, захваральнасць на COVID-19 зніжаецца. Мы ўжо распавядалі, як пацыента 10-й больніцы ў Менску адправілі з недалечанаю пнеўманіяй дадому. Цяпер высяляць каронавірусных хворых пачалі і ў Гомлі.

Гомелец Пётр Белавусаў з пацверджаным дыягназам COVID-19 з 15 чэрвеня да 2 ліпеня ляжаў у 3-яй гарадской больніцы ў гінекалагічным аддзяленні, якое перапрафілявалі пад каронавіруснае. Мужчыну экстранна шпіталізавалі з двухбаковым запаленнем лёгкіх са шматлікімі паражэннямі. Тыдзень ён правёў у рэанімацыі пад кіслароднай маскай, мужчыну зрабілі тры рэнтгены.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вынікі перадапошняга, з 29 чэрвеня, былі несуцяшальныя. Доктарка спадара Пятра, Людміла Вакульчык, сказала, што цуду не адбылося – пра выпіску няма гаворкі, і загадала мужчыну застацца на стацыянарным лячэнні. Чарговы рэнтген планавалі на 6 ліпеня, але ўжо 1-га яго адправілі на пільны здымак і паведамілі, што лёгкія чыстыя.

«Доктарка сказала, што ў пнеўманія на стадыі развязання, што такія цуды здараюцца, мяне выпісваюць. Сказала, што рэнтген не пакажа, чаму – не патлумачыла. Мяне проста выкінулі на вуліцу, як бесхацінца. «Вылечылі» за дзень? Усе хворыя знянацку зрабіліся здаровымі. Аднаго мужчыну сілком вывозілі з кіслароднай. Пакет у зубы і пад зад».
Петр Белавусаў

Паводле спадара Пятра, ніхто нават не сказаў, што адбываецца, і чаму ўсіх выпісваюць. Аддзяленне хутка вымылі, сабралі бялізну. Людміла Вакульчык, якая лекавала мужчыну, таксама ў грубай форме адмовілася ад тлумачэнняў:

«Павяла сябе па-хамску, агрэсіўна і некарэктна. Сказала, што не мае часу разбірацца. Доктар лечыць не толькі таблеткамі, але і спачуваннем. Яна страшыла ўскладненнямі, а тут вылечванне! Мне не падабаецца ў шпіталі, але выходзіць недалечаным рызыкоўна. Нібы ў спіну плюнулі. На іх ціснуць, я разумею. Але падыдзі і скажы нармальна, што такая сітуацыя».

Не зважаючы на цяжкі стан і пагаршэнне самаадчування, спадар Пётр паехаў дадому. Ягоныя жонка і сын таксама перахварэлі, тэстаў на каронавірус і КТ ім не рабілі. Дактары сказалі, няма патрэбы – абураецца жонка Пятра Ларыса і падкрэслівае, што за два тыдні да іх ніхто не прыходзіў ні з паліклінікі, ні з санстанцыі:

«Нібыта нас не існуе, ніхто не пацікавіўся, дзе мы і што. Толькі пасля выпіскі мужа прыйшлі. Ніякіх адэкватных лекаў мужу не прапісалі, нічога не напісалі ў рэкамендацыях. Муж не ведае, што адбываецца ў лёгкіх, здаровы ён ці не. Тэмпературы ў яго няма, толькі слабасць і задышка. Цяпер на пытанне мэтазгоднасці рэнтгену праз содні нам адказалі, што доктарка памылілася!»

Сям’я не выключае, што будзе звяртацца ў пракуратуру, бо першапачаткова 3-я гарадская больніца Гомля не ўваходзіла ў спіс Міністэрства аховы здароўя са шпіталямі, якія вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы.

«Больніцы за дзень вярнулі звычайны статус. Хворыя нікога не хвалююць. Толькі ў Беларусі ў шпіталях каронавірус перамаглі», – кажа Людміла.

Доктарка Людміла Вакульчык для каментароў недасяжная.

Згодна з афіцыйнымі звесткамі, паводле стану на 5 ліпеня ў Беларусі каронавірус выяўлены ў больш як 62,5 тысячаў чалавек, 423 памерлі. Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што каронавірус «адступіў».

Чытайце таксама:

Дар’я Курачкіна belsat.eu

Стужка навінаў