Паказалі дулю. У Калінінградзе беларускія дыпламаты спрабавалі адагнаць пратэстоўца


Удзельнік пікету каля беларускай амбасады.
Фота: facebook.com/mikhail.feldman.14

У Калінінградзе, каля мясцовага аддзялення амбасады Беларусі ў Расеі, 4 жніўня адбыўся адзіночны пікет у падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі.

Мэтай пікету, паводле ўдзельніка, было прадэманстраваць салідарнасць з барацьбой беларускай апазіцыі за свабоду і дэмакратыю.

Міліцыянт запісвае звесткі пра пікетоўца.
Фота: facebook.com/mikhail.feldman.14

Спачатку адзін з працаўнікоў амбасады доўга цікавіўся, ці мае ўдзельнік пікету Міхаіл Фельдман «дазвол на акцыю», тады як у Расеі для правядзення адзіночных пікетаў гэтага пакуль яшчэ не патрабуецца.

«Апанент з пагрозай у голасе паведаміў, што цяпер мяне «скруцяць». Неўзабаве з будынку амбасады выйшаў паліцыянт і накіраваўся да мяне. Прадставіўшыся, ён невядома для чаго спытаў мае прозвішча, імя, імя па бацьку і дату нараджэння. Акуратна запісаўшы адказы, вартавы парадку параіў «адысці далей, каб людзі гэтага не бачылі». Калі я ветліва адмовіўся, яму не засталося нічога іншага, як аддаліцца назад у будынак – закон быў на маім баку», – паведаміў belsat.eu удзельнік пікету.

Пікетоўца спрабуе адагнаць працаўнік амбасады.
Фота: facebook.com/mikhail.feldman.14

Пасля гэтага, паводле яго, некалькі працаўнікоў аддзялення амбасады, падыходзячы па чарзе, задавалі яму правакацыйныя пытанні пра нацыянальнасць, партыйную прыналежнасць, куратараў і г.д. Таксама, кажа Фельдман, яму паказалі дулю.

Пікет прайшоў з ініцыятывы мясцовага руху рэгіяналістаў, які выстпуае за дэмілітарызацыі Калінінградскай вобласці і вяртанне ёй гістарычнай назвы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў