Паказ беларускага фільму ў Парыжы даў штуршок рэвалюцыі 1968 года


У Беларусі працаваў рэжысёр узроўню Берталюччы. І мы гэтым не хвалімся. Чыноўнікі робяць усё, каб выкінуць яго імя з гісторыі беларускага кіно. Пра гэта – новы фільм Андрэя Кудзіненкі «Валянцін Вінаградаў, альбо Беларускае кіно, якога няма».

Знятая на «Беларусьфільме» стужка Валянціна Вінаградава «Усходні калідор» трапіла ў Парыж у 1968-м. Паводле Кудзіненкі, яна не толькі стала каталізатарам пераломнага моманту ў гісторыі: масавых пратэстаў у французскай сталіцы, але і магла паўплываць на творчасць такіх зорак еўрапейскага кінематографу, як Бэрнарда Берталюччы, Ален Роб-Грые ды Анджэй Жулаўскі.

Але пра рэжысёра такога ўзроўню не распавядаюць у Акадэміі мастацтваў, ягоных фільмаў не паказваюць па дзяржаўных беларускіх тэлеканалах. Аўтар стужкі «Вінаградаў» Андрэй Кудзіненка сам даведаўся пра Вінаградава выпадкова. Калі быў студэнтам (а вучыўся ён у легенды «Беларусьфільма» Віктара Турава), распытаў аднаго з выкладчыкаў пра самую незвычайную з’яву ў беларускім кіно. Пачуў новае прозвішча і паехаў у Маскву – знаёміцца.

Hавiны
Аўтару кінастужкі пра Слуцкае паўстанне на «Беларусьфільме» раілі застрэліцца ўслед за ягонымі героямі
2017.01.09 21:51

Валянцін Вінаградаў вучыўся з Андрэем Таркоўскім і Васілём Шукшыным ва Усерасейскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі (ВГИК). Паводле размеркавання трапіў на «Беларусьфільм». Разам з Алесем Кучарам зняў стужку, якая стала хітом у СССР, – «Лісты да жывых» («Письма к живым»). Менавіта яму Пётр Машэраў даверыў зняць фільм пра беларускае падполле…

І ён зняў. Машэраў быў у шоку. Што яго раз’юшыла да такой ступені, што рэжысёра выкінулі з кватэры? Як фільм трапіў у Парыж? І ці дасягне беларускае кіно калі-небудзь такога ўзроўню? Глядзіце фільм «Вінаградаў» (відэа вышэй).

Па іроніі лёсу, у кар’еры Андрэя Кудзіненкі ёсць стужка, якая прынесла рэжысёру вядомасць, але доўгі час была забаронена на радзіме: «Акупацыя. Містэрыі» (2004). Падчас кароткай лібералізацыі на «Беларусьфільме» ён паспеў зняць містычны трылер «Масакра» (або «бульба-хорар», як яго называе ён сам), паводле вядомай навелы Праспэра Мэрымэ «Локіс». Стужка выйшла ў пракат у 2010-м. І гэта мог бы быць паварот у бок новага беларускага кіно. Але нацыянальная кінастудыя працягвае здымаць пераважна расейскія серыялы.

ВІДЭА
«Фанат» – новы фільм Андрэя Кудзіненкі. Прэм’ера на «Белсаце»
2017.12.31 19:00

Інга Астраўцова, belsat.eu

Стужка навінаў