Пайшоў па шампіньёны – трапіў у ІЧУ. Гісторыя сваволі магілёўскай міліцыі

Фота

Жыхар Магілёва Віталь Цітоў звярнуўся да журналістаў «Белсату» з просьбай дапамагчы ў распаўсюдзе інфармацыі пра неправамерныя паводзіны мясцовых праваахоўнікаў, каб прыцягнуць іх да адказнасці.

Віталь Цітоў жыве ў Магілёве і займаецца пячным рамяством. Мужчына распавёў belsat.eu пра сітуацыю, якая здарылася з ім у магілёўскім гандлёвым цэнтры «Планета Green» 10 ліпеня. Віталь прыйшоў у краму па шампіньёны.

Магілёвец Віталь Цітоў

«Замест кіраўніка крамы прыехала міліцыя»

У чарзе ў мясным аддзеле яго абслужылі з парушэннем чаргі. Паводле суразмоўцы, прадавачкі наўмысна ігнаравалі Віталя і адпускалі тавар пакупнікам, якія стаялі за ім. Мужчына выказаў абурэнне і зрабіў заўвагу.

«Я сказаў, што чакаю ўжо каля дваццаці хвілінаў, а абслугоўваюць людзей за мной. Я папрасіў выклікаць кіраўніка крамы», – кажа магілёвец.

Мужчына кажа, што размаўляў спакойна, не лаяўся і не крычаў. Аднак замест кіраўніка з’явіўся начальнік аховы. Ён спрабаваў залагодзіць канфлікт і запрашаў мужчыну ў свой пакой, падкрэслівае Віталь.

«Я не хацеў ісці, бо грамадскага парадку не парушаў. Калі ён паспрабаваў мяне туды зацягнуць, я сказаў, што выклікаю праваахоўнікаў», – сцвярджае ён.

Магілёвец Віталь Цітоў займаецца пячным рамяством

Магілёвец адзначае, што хацеў пакінуць водгук у кнізе скаргаў, але нават не паспеў яго дапісаць. Ахоўнік націснуў на трывожны гузік, пасля чаго прыехаў нарад міліцыі, а пазней – участковы.

«Начальнік аховы Кірпічоў выклікаў праваахоўнікаў, але трэба было патлумачыць выклік. Мяне пакінулі з міліцыянтамі, а сам ахоўнік з участковым і прадавачкамі сышлі ў пакой аховы. Я стаяў і чакаў тры гадзіны», – кажа ён.

Участковы не спрыяў развязанню справы

Віталь Цітоў упэўнены, што Кірпічоў падгаварыў прадавачак абылгаць яго і сведчыць, што ён брыдкасловіў.

«Гэтак хацелі пазбавіцца ад мяне, прыцягнуць паводле адміністрацыйнага артыкулу. Яны паведамілі працаўнікам дэпартаменту аховы, што я парушаў парадак і лаяўся», – дадае Віталь.

У мужчыны ёсць сведка, жыхар Магілёва Алег Клімаў, які стаяў у той жа чарзе і назіраў канфлікт. Ён распавёў belsat.eu, што Віталь паводзіў сябе карэктна, а прадавачкі схлусілі.

«Мы незнаёмцы, чаго мне хлусіць. Я распавёў, як было. Калі б Віталь лаяўся, я б зрабіў заўвагу. Непрыгожа сябе паводзіў начальнік аховы, пачаў гаварыць: я табе зараз пакажу, ты хто такі», – распавёў belsat.eu Алег Клімаў.

Віталь Цітоў на працы

Віталь Цітоў кажа, што нягледзячы на відэа з камеры назірання і заведама ілжывыя паказанні, участковы інспектар Кастрычніцкага РАУСу Руслан Анцутка праігнараваў сведчанні Алега Клімава і склаў на Віталя пратакол за дробнае хуліганства. Віталь упэўнены, што начальнік аховы і ўчастковы ведалі адно аднаго да інцыдэнту і не хавалі сяброўскіх дачыненняў.

«Сагніцеся і расстаўце сядалішча»

Урэшце мужчыну прывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання каля 21:00 і пратрымалі да раніцы. Паводле Віталя, дарога з апорнага пункту да ізалятару часовага ўтрымання заняла каля трох гадзінаў, яго вазілі з аднаго РАУСу ў іншы. Цягам гэтага часу жонка Віталя не магла яго знайсці.

«У РАУСе ёй гаварылі, што я ў ІЧУ, а ў ІЧУ, што мяне няма, а таксама ў аддзеле міліцыі ёй прапанавалі аплаціць штраф у памеры двух базавых велічыняў – і тады мяне адпусцяць. Нават рэквізіты рахунку хацеў падаць. Як гэта магчыма, без суда і разбору, мяне нават да ІЧУ не давезлі», – дадае магілёвец.

Мужчына звяртае ўвагу на невыносныя ўмовы ўтрымання.

«Гэта знявага і прыніжэнне. Трэба распрануцца дагала, пасля яны просяць сагнуцца і расставіць сядалішча. Я – вялікі мужчына, а ззаду мяне стаіць дзіцё з палкай. Я не пітушчы, мяне адправілі ў камеру да прапойцаў і клапоў, смярдзела так, што немагчыма было дыхаць. А раніцай нас зноў выгналі голых на бетонную падлогу, зноў расстаўляць сядалішча», – распавядае Віталь.

Безліч скаргаў, на якія прыходзілі адпіскі

На першым судзе мужчыну прапанавалі аплаціць штраф, але ён не пагадзіўся. На другі суд выклікалі ўсіх сведкаў і прагледзелі відэа з камеры назірання. Суддзя пастанавіў апраўдаць Віталя Цітова.

Мужчына адразу на паседжанні хацеў прыцягнуць да адказнасці ахоўніка і прадавачак за ілжэсведчанні. Аднак суддзя заявіла, што не мае права распачынаць крымінальнай справы, таму трэба звяртацца ў міліцыю.

Віталь звярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС, праверку вёў той жа ўчастковы, што затрымліваў мужчыну. Руслан Анцутка даслаў магілёўцу адказ, што парушэнняў у дзеяннях прадавачак і ахоўніка няма.

Тады мужчына пайшоў у пракуратуру, дзе напісаў заяву і на ўчастковага. Ведамства перадало справу… у Кастрычніцкі РАУС.

«Гэта парушэнне закону. Пракуратура не можа аддаць справу на разгляд у орган, на які я напісаў скаргу. Вядома, яны самі сябе не пакараюць. Я прасіў вярнуць справу і правесці новае правяранне, але мне адказалі, што яны не могуць. А пасля я даведаўся, што жонка Анцуткі працуе ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва, дзе разглядалі маю справу», – кажа Віталь.

У тым жа часе магілёўцу прапанавалі прыйсці на «размову» ў аддзел міліцыі, аднак ён не пагадзіўся. Пасля гэтага ён атрымаў ліст з пракуратуры, дзе тлумачыцца, што падчас адміністрацыйнага працэсу яго мелі права затрымаць на 72 гадзіны.

«Выходзіць, што проста чалавека з вуліцы могуць забраць ні за што, завесці справу і трымаць невядома дзе трое содняў, пакуль яны разбіраюцца, ці ты ў чымсьці вінаваты», – разважае суразмоўца.

Цяпер Віталь чакае адказу з мясцовага ГУСБ МУС. Калі нічога не вырашыцца, далей мужчына плануе звяртацца ў Менск.

Мы звярнуліся ў краму «Планета Green» і Кастрычніцкі РАУС па каментар

«Не маю чаго каментаваць, я быў у адпачынку. Усе працуюць на сваіх месцах», – пракаментаваў сітуацыю кіраўнік харчовай крамы «Планета Green» Максім Кавалёў.

«Я пра гэтую справу нічога не ведаю. Ні пра суд, ні пра прэтэнзіі да нашых працаўнікоў. У вас хіба недакладная інфармацыя», – пракаментаваў сітуацыю намеснік начальніка Кастрычніцкага РАУСу ў ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Максім Сарадоеў.

18 дзён у шпіталі. Міліцыянта, які збіў кіроўцу, хаваюць, бо ягоны кіраўнік ідзе на павышэнне

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары