«Пайшлі на курсы ангельскай мовы і не вярнуліся». Пад ізалятарам у Магілёве сабраліся сваякі затрыманых

Пад ізалятарам часовага ўтрымання ў Магілёве з самага ранку дзяжураць сваякі і сябры тых, хто быў затрыманы 9 і 10 жніўня ў Магілёве. Людзі прыйшлі адразу з перадачамі, бо затрыманыя тут яўна надоўга: некаторыя толькі суду чакаюць 2 дні, другіх выязны суд ужо пакараў тэрмінамі ад 10 да 15 содняў.

Для ўсіх затрыманых адзін артыкул – 23.34 КаАП, што значыць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Але людзі пад ІЧУ кажуць, што іхныя сваякі сталі выпадковымі ахвярамі – ні ў якім пратэсце не ўдзельнічалі і былі затрыманы фактычна за тое, што выйшлі з дому.

Пад ізалятарам у Магілёве сабраліся сваякі затрыманых. Фота: «Белсат»

«Наш бацька проста гуляў у горадзе, ён ні ў чым не ўдзельнічаў: ні ў акцыях, ні ў пратэстах. Яго ўзялі ў цэнтры гораду, там стаяла яго машына. Яна і дагэтуль там, вось збіраемся ехаць яе забіраць. Ён нам пазваніў з аўтазаку і паведаміў, што яго затрымалі, калі ён ішоў да машыны. Дома двое маленькіх дзетак», – сказала маладая жанчына з дзіцём на руках. Яны чакаюць пад ізалятарам ужо 3 гадзіны і дагэтуль не ведаюць, калі будуць судзіць іх мужа і бацьку.

Фота: «Белсат»

Хлопец Кірыл прыйшоў пад ізалятар з дзяўчынай, каб даведацца пра лёс свайго сябра. Яго затрымалі разам з Кірылам 9 жніўня, але аднаго адпусцілі, а другога – не.

«Мы ішлі па цэнтру гораду, на нас выйшаў натоўп і мы з ім зліліся. Хутка пачалі адбывацца затрыманні. Мой сябра не любіць маўчаць, магчыма, сказаў нешта не тое. Мае рэчы мне вярнулі і адпусцілі з РАУС каля 2 ночы, яшчэ прапанавалі падвезці да дому, але я адмовіўся», – сказаў Кірыл.

Кірыл. Фота: «Белсат»

З большага сваякі затрыманых каментаваць баяліся. Яны так і казалі: «каб не было яшчэ горш». І ўсё ж такі пагаджаліся падзяліцца падрабязнасцямі на ўмовах ананімнасці.

«Затрымалі нашых дзяцей, ім 18 і 19 год. Яны пайшлі 10 жніўня на курсы ангельскай мовы і не вярнуліся. З 8 гадзін вечара ў іх перасталі працаваць тэлефоны, мы пачакалі да 11 і паехалі іх шукаць па РАУСах. Нам паведамілі, што іх адвезлі ў ІЧУ. Цяпер мы тут чакаем, калі перададуць іхныя справы, каб судзіць. На ўсялякі выпадак прывезлі цёплыя рэчы і ежу, бо тут шмат каму даюць содні», – сказаў бацька аднаго з затрыманых Васіль.

Група маладых людзей прыйшла да сябра, якога затрымалі яшчэ 9 жніўня. «Двух нашых сябраў затрымалі яшчэ да пачатку пратэсту. Проста за тое, што ішлі па гораду з белымі стужкамі на руках. Затрымалі дваіх, але аднаго адпусцілі. Як мы зразумелі, у РАУС затрыманых папрасілі паказаць свае тэлефоны, шукалі фоткі пратаколаў на ўчастках. Хто пагаджаўся ўсё выдаліць, тых адпускалі», – патлумачыў сябра затрыманага Ягор.

Ягор. Фота: «Белсат»

Яшчэ адной гісторыяй падзяліўся мужчына, які прадставіўся Сяргеем. «Мой сябра быў у цэнтры гораду. Прыйшла міліцыя і сказала тут не сядзець. Ён з жонкай сышлі ў іншае месца. Пасля чуюць крыкі «бяжыце», яны азіраюцца, а на іх бяжыць натоўп людзей, а за імі 40-50 чалавек амапаўцаў. Яны пабеглі разам з усімі, але іншы атрад сілавікоў збіў іх з ног. Жонку сябра не затрымалі, а яго самога забралі. Зараз жонка ў РАУСе намагаецца даведацца лёс свайго мужа, а я чакаю звесткі пра сябра пад ІЧУ», – сказаў Сяргей.

Сяргей. Фота: «Белсат»

Час ад часу з ізалятара выходзіць дзяжурны і таму людзі могуць спраўдзіць, ці ёсць іхныя сваякі і сябры ў спісах. Каб даведацца, што прысудзіў суд, трэба званіць ці ехаць у канцылярыю суда.

9 і 10 жніўня ў Магілёве прайшлі мірныя пратэсты. Паведамлялася, што ў першы дзень пратэстаў было затрымана не менш за 120 чалавек, а ў другі – ледзь не 300 чалавек. Адных адпусцілі, другім далі содні. Каб усім затрыманым хапіла месца, першую хвалю адвезлі ў Шклоў, Чэрыкаў і Горкі.

Пад ізалятарам у Магілёве сабраліся сваякі затрыманых. Фота: «Белсат»

Сярод затрыманых 10 жніўня ў Магілёве рэжысёр Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімір Пятровіч. Акторы і супрацоўнікі тэатру выходзяць з прафсаюзу, які не абараніў рэжысёра.

Вольга Васільева belsat.eu

Hавiны