Пахавалі Ягора Пратасеню, з якога выбівалі паказанні катаваннямі


328 артыкул Крымінальнага кодэксу – незаконнае абарачэнне наркотыкаў. Менавіта змагаючыся з ім загінуў Ягор Пратасеня з Салігорску. Дваццацігадовага хлопца, які пасля вынясення прысуду здзейсніў спробу самагубства, пахавалі сёння ў Салігорску.

«Ягор аказаўся героем, бо гэтым перадусім ён кінуў выклік сістэме», – кажа Ларыса Жыгар, ініцыятыўная група для стварэння абʼяднання «Матчын рух 328»

Напрыканцы 2015 года Салігорскі раённы суд асудзіў Ягора Пратасеню на 14 гадоў зняволення за распаўсюд наркотыкаў. У лістах з калоніі і на спатканні з маці пасля вынясення прысуду хлопец распавядаў пра катаванні і здзекі з боку оперупаўнаважаных салігорскага аддзелу наркакантролю.

«Яны яго збівалі, у спіну кідалі дроцікі ад дартсу. Каля яго трымалі шпрыц і казалі што калі не скажаш дзе наркотыкі мы гэтыя наркотыкі ўвядзем табе», – распавядае Ларыса Жыгар.

Хлопец сцвярджаў, што ягоную справу сфабрыкавалі, і папярэджваў, што на знак пратэсту ды каб адпомсціць следчым, ён скончыць жыццё самагубствам.

«Я ведаю Ягора не першы год. Ён быў прынцыповым і мэтанакіраваным. І такім чынам хацеў правучыць тых людзей, што незаконна яго асудзілі», – упэўнены Антон Ліхалап, аднакласнік і сябар Ягора.

Маці, чые дзеці атрымалі вялізныя тэрміны паводле артыкулу 328, лічаць, што прысудамі падлеткам сістэма адгароджваецца ад рэальнай праблемы распаўсюду наркотыкаў.

«Дзеці трапляюць з міліграмамі, а не тонамі і вагонамі як тыя што варочаюць наркабізнесам. Тыя хто рэальна арганізуе – крышуюцца і КДБ і МУСам, а нашыя хлопчыкі пад гэтую марку ідуць на вялізныя тэрміны», – даводзіць Ларыса Жыгар.

Пасля сігналаў ад сына пра катаванні Святлана Пратасеня звярталася ў міліцыю і пракуратуру, каб правялі дадатковую праверку справы. Следчы камітэт Беларусі ад студзеня вядзе праверку абставінаў спробы суіцыду Ягора Пратасені ў жодзінскай турме.

«Я буду пісаць у генеральную пракуратуру, пагляджу які прыйдзе адказ са следчага камітэту і буду пісаць у генеральную пракуратуру», – дзеліцца Святлана Пратасеня, маці Ягора.

Паўтысячы злачынстваў следчыя органы раскрылі ад канца 2014 году, калі пачаў дзеяць дэкрэт №6 пра супрацьдзеянне незаконнаму абарачэнню наркотыкаў. Застаецца толькі здагадвацца, колькі з абвінавачаных рэальна вінаватыя, а колькі атрымалі тэрміны за выбітыя паказанні.

Ірына Дарафейчук «Белсат»

Стужка навінаў