Пах футбольнага полю і сініх матылькоў на далонях. Як беларуска дапамагае хворым дзецям пахамі


Пакуль Еўракамісія фінансуе стварэнне прыкладання з мапай пахаў Барсэлоны, а ў Партугаліі навукоўцы б’юцца над стварэннем вопраткі, якая струменіць прыемныя водары, Беларусь застаецца адзінай краінай, дзе водары выкарыстоўваюць для дапамогі хворым дзецям. Трэці год беларуска Вольга Александр, выкладчык Вышэйшай парфумнай школы ў Парыжы, стварае водары, якія дапамагаюць паменшыць боль, зняць стрэс і адчуць сябе лепш.

Мы з Вольгай сустракаемся каля Беларускага дзіцячага госпісу ў Бараўлянах. Выходзячы з машыны, Вольга ўдыхае лёгкі пах дыму, і з каментуе: «Гэта бяроза гарыць». Адчувальны нюх Вольга выпрацавала за гады ў працы з пахамі. Яна займаецца імі адразу па некалькіх накірунках: працуе экспертам у галіне таксікалогіі, вядзе ўласны парфумерны буцік у Бруселі і чытае курс па тэрапеўтычных уласцівасцях водараў у Вышэйшай парфумнай школе ў Парыжы. А яшчэ – дапамагае цяжка хворым дзецям з Беларусі: тры гады таму яна запусціла дабрачынны праект «Парфум Анёлу». Мы пагаварылі з Вольгай пра тэрапеўтычную сіле пахаў, культурным адрозненні ва ўспрыманні пахаў і яе асабістых парфумных перавагах.

Вольга Александр, адмысловец у галіне альфактарнай нейрадыягностыкі і тэрапіі.
Фота: Арцём Лява

Пра «Парфум Анёлу»

Аднойчы я працавала з хлопчыкам Ромам, якія перажыў аперацыю па перасадцы коснага мозгу. Ён быў вымушаны доўга не выходзіць з дому, і, вядома, больш за ўсё на свеце яму хацелася адтуль уцячы, але не проста на вуліцу – ён марыў аб’ездзіць свет. Над яго запытам працавалі тры мае вучаніцы. Кожная стварыла для яго водар краіны, у якой сама бывала. Атрымаліся тры альфактарныя падарожжы: у Амазонію, Афрыку і Японію.

Пах Амазоніі – трапічнага лесу і бананавых лістоў – вельмі павялічваў яго апетыт. Да цёплага, анімалістычнага паху Афрыкі хлопчык застаўся абыякавы. А вось водар Японіі, які ўключае зялёную гарбату і сакуру, спадабаўся Роме больш за ўсё. З яго дапамогай хлопчык лёгка канцэнтраваўся. Палепшыліся не толькі адзнакі на вучобе, але і паказнікі ў яго ўлюбёнай кампутарнай гульні.

Быў выпадак, калі каманда «Парфум Анёлу» дапамагла правесці дзяўчынцы неабходную аперацыю. Тая страшна баялася хірургаў, і кожны раз у дзень, на які была прызначаная аперацыя, у яе падымалася тэмпература – у выніку аперацыя пераносілася. Нам удалося падабраць альфактарную тэрапію, якая памяншала страх. У выніку пацыентка паслабілася і лекарам атрымалася правесці аперацыю.

Фота: Арцём Лява

У дзяцей бываюць дзіўныя запыты: мы стваралі водары скачкоў па лесвіцы, водар шпацыру па лесе ў новых красоўках, водар футбольнага поля. А адна дзяўчынка сфармулявала свой запыт так: «Хачу, каб пахла, як быццам над галавой кружацца божыя кароўкі, а сінія матылькі садзяцца мне на ручкі».

Пахі дапамагаюць не толькі пацыентам, але і медыкам, медсёстрам і астатняму персанале, які ўвесь час знаходзіцца ва ўзаемадзеянні з бальнічнымі пахамі. У гэтых прафесіях падвышаная нервовае вычарпанне. Таму я ніколькі не здзівілася, калі даведалася, што ў бальнічную залю, напоўненую водарам для пацыентаў, пачалі зазіраць і працаўнікі больніцы. Таму я за тое, каб выкарыстоўваць пахі ў калідорах і ардынатарскіх.

Фота: Арцём Лява

Пра анарэксію

Цяпер я імкнуся больш працаваць з людзьмі, якія пакутуюць анарэксіяй. Гэта складанае захворванне. У такога пацыента немагчыма абудзіць жаданне паесці, падсунуўшы яму пад нос кавалак вяндліны або варанае яйка – у гэтым выпадку ў яго ў галаве адразу ўключаецца лічыльнік калорый. Таму выкарыстоўваюцца больш нейтральныя водары, якія абуджаюць апетыт ускосна – гэта пахі травы, яблыка, таматаў, і ружы. Ва ўсіх гэтых пахах змяшчаецца малекула, якая адказвае за апетыт. Пазней можна перайсці на водары спецыяў. Іншы варыянт – выкарыстоўваць пахі, якія вяртаюць пацыента ў камфортную і бяспечную сітуацыю дзяцінства. Для розных людзей гэта могуць быць, напрыклад, пах тальку, мора або пяску.

Вольга Александр.
Фота: Арцём Лява

Пра культурныя адрозненні

Возьмем самы класічны прыклад: лічыцца, што водар лаванды супакойвае. Але калі чалавека ў лавандавым полі згвалцілі, лаванда яго ніколі не супакоіць. Успрыманне пахаў моцна залежыць ад асабістага досведу канкрэтнай асобы. Таму расслабіцца лаванда дапаможа чалавеку, які вырас на поўдні Францыі, дзе сапраўды квітнеюць лавандавыя палі. Японца хутчэй супакоіць водар сакуры і гарбаты, ну а беларуса – пах лесу, скошанай травы, пах лугоў пасля дажджу.

Гэтым альфактарная тэрапія і адрозніваецца ад ароматэрапіі. Калі апошняя заснавана на выкарыстанні хімічнага складу эсенцыі, то альфактарная тэрапія – на эмацыйных адчуваннях канкрэтнага чалавека.

Фота: Арцём Лява

Пра сваю паліцу з парфумай

Можна сказаць, што на маёй паліцы з парфумай цяпер больш за 600 водараў. Я тэстую на сабе практычна ўсё, што прадаецца ў буціку рэдкай парфумы ў Бруселі, які мы вядзем разам з мужам. Любімых водараў у мяне каля 150. Выбіраючы духі на дзень, я сыходжу з настрою, пары года, запланаваных сустрэчаў і таго, якое ўражанне хачу зрабіць на людзей, з якімі ўбачуся. Парфуму я выкарыстоўваю і на ноч, і каб абстрагавацца ад працы з пацыентамі, у якой бываюць вельмі цяжкія моманты. Адзінае выключэнне – я ніколі не карыстаюся парфумай, калі еду да пацыента дадому ці ў шпіталь.

Марына Вашкевіч belsat.eu

Стужка навінаў